Нелегальных мігрантаў загадзя вучаць, што казаць на допытах — мінабароны Літвы
З-за вялікай плыні мігрантаў у Літве абвясцілі надзвычайнае становішча і пачалі будаваць на мяжы загароду з калючага дроту / Reuters
Нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі, перад перапраўкай інструктуюць, заявіў у эфіры нацыянальнага радыё LRT міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас.
Па яго словах, пра гэта распавялі самі мігранты.
"Яны самі распавядаюць, што людзі ў камуфляжы інструктуюць іх, як знішчыць дакументы, як паводзіць сябе падчас апытання, што казаць, пра што не згадваць", — заявіў Анушаўскас.
Ён таксама адзначыў, што ў Вільні ведаюць, хто займаецца арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Частка гэтых прадпрыемстваў і арганізацый, якія "ў гэтым удзельнічаюць і карыстаюцца заступніцтвам беларускіх уладаў, нам вядомая", заявіў Анушаўскас.
Аб датычнасці беларускіх уладаў да арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Літву напярэдадні гаварылі і на пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па замежных справах. Еўракамісар па ўнутраных справах Ілва Ёхансан, у прыватнасці, заявіла, што "мігранты прыбываюць камерцыйнымі рэйсамі ў Мінск са Стамбула і Багдада — такіх рэйсаў па некалькі на дзень, — а затым дастаўляюцца да літоўскай мяжы". Больш за тое, яна назвала суму, якую плацяць мігранты за дапамогу ў дастаўцы ў Літву, — 15 тысяч еўра.
Аляксандр Лукашэнка ў пачатку ліпеня чарговы раз заявіў, што Беларусь будзе займацца выклікамі на мяжы, у тым ліку барацьбой з нелегальнай міграцыяй, "толькі так, як ёй выгадна".
З пачатку года беларуска-літоўскую мяжу нелегальна перайшлі больш за 1700 чалавек, каля паловы з іх — гэта грамадзяне Ірака, але ёсць таксама грамадзяне Сірыі, Камеруна, Турцыі і іншых краін. Гэта ў дзесяткі разоў больш, чым за ўвесь 2020 год (81).
Урад Літвы абвясціў у краіне надзвычайнае становішча, на мяжы пачалі будаваць агароджу з калючага дроту. Адначасова было прынята рашэнне аб узвядзенні плота.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.