Кіроўцу, які збіў на чужым аўто дваіх дзяцей у Гарадзеі, будуць судзіць
У момант здзяйснення злачынства ён быў п’яны.
Пракуратура накіроўвае ў суд крымінальную справу 24-гадовага жыхара Бабруйска, які скраў чужы аўтамабіль, а потым збіў на ім дваіх маленькіх дзяцей. Інцыдэнт здарыўся 11 красавіка ў Гарадзеі. Малады чалавек перабраў алкаголю, і яго пацягнула на подзвігі. Ён залез у чужы Hyundai, які быў незамкнёны. Ключы ад машыны засталіся ў замку запальвання, таму завесці машыну не было праблемай.
Скраўшы аўтамабіль, хлопец паехаў на ім па горадзе. На вуліцы Пралетарскай ён не справіўся з кіраваннем і наехаў на бардзюрны камень. Аўтамабіль вынесла за межы праезнай часткі — і машына наскочыла на двух хлопчыкаў 2009 і 2013 года нараджэння, якія знаходзіліся на тратуары разам з бацькамі. Дзеці атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Следства па справе завершанае. На адрас арганізацыі, дзе працаваў абвінавачаны, накіраванае прадстаўленне аб выпраўленні прычын і ўмоваў, якія паспрыялі здзяйсненню злачынства. Праваахоўнікі адзначылі ў тым ліку адсутнасць належнага кантролю за знаходжаннем супрацоўнікаў на сваіх месцах — угоншчык аўто спажываў алкаголь у працоўны час, перадае БЕЛТА.
Фота з архіву