Колькасць палітвязняў у Беларусі набліжаецца да тысячы
Палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя яшчэ 11 чалавек
Спіс беларускіх палітвязняў папоўніўся яшчэ на 11 прозвішчаў. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі ў тым ліку адміністратара тэлеграм-канала Паўла Юхневіча. Яго на мінулым тыдні прызналі вінаватым па двух артыкулах КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама заклікі да дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы краіны) і асудзілі на 4 гады калоніі.
Акрамя таго палітвязнямі прызнаныя Алексай Арбузаў, Аляксей Каверын, Лідзія Новік, Павел Адамовіч, Іван Гаўрылаў, Аляксей Дудко, Марыя Калоша. Усе яны былі затрыманыя або сталі ўжо ўдзельнікамі судовых працэсаў у рамках крымінальных спраў аб "групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Таксама палітвязнямі прызнаныя Станіслаў Несцярук, Вольга Ялцэвіч і Ілля Кадэтаў.
Праваабаронцы нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Праваабаронцы лічаць пераслед асоб, якіх беларускія ўлады пазбаўляюць волі за ўдзел у масавых акцыях і падтрымку ахвяр пераследу, палітычна матываваным.
Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі, паводле дадзеных на раніцу 18 студзеня, складае 993.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.