Колькі беларусаў змогуць вярнуць свае ўклады ў выпадку банкаўскага крызісу?

Колькі беларусаў змогуць вярнуць свае ўклады ў выпадку банкаўскага крызісу?

Дзяржава гарантуе людзям вяртанне іх банкаўскіх укладаў у поўным аб’ёме. Гэта адзін з галоўных аргументаў банкаў, калі яны прапануюць людзям пакласці свае грошы пад працэнты. А каб сумневы развеяць канчаткова, было нават створанае Агенцтва па гарантаваным вяртанні ўкладаў. Вось толькі грошай у гэтага Агенцтва сёння — толькі 7,2% ад агульнай сумы ўсіх банкаўскіх укладаў. Такую лічбу называе першы намеснік старшыні праўлення Нацбанку Тарас Надольны, выступаючы 2 кастрычніка перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў.

Тарас Надольны: “Па стане на 1 верасня 2017 года памер рэсурсаў Агенцтва пакрывае прыблізна 7,2% ад усіх прыцягнутых банкаўскай сістэмай укладаў у эквіваленце ўсіх валют”.

Але ці не азначае гэта, што толькі мізэрная колькасць укладчыкаў у выпадку банкаўскага крызісу атрымае назад свае грошы? Прадстаўнік Нацбанка супакойвае.

“Калі мы кажам, да прыкладу, пра Беларусбанк, які трымае 44% усёй банкаўскай сістэмы, то, безумоўна, 7% можа быць недастаткова для выплаты. Але дзяржава як уласнік Беларусбанка нясе ўсю меру адказнасці і цяжар за свой банк. У Беларусбанку Назіральную раду ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер. Таму дзяржава ў любым выпадку будзе свой банк падтрымліваць, ёсць грошы ў Агенцтве ці няма. Гэтае пытанне ўжо будзе насіць палітычны характар, і таму зразумела, што дзяржава ўмяшаецца”, — заяўляе Тарас Надольны ў адказ на пытанне Еўрарадыё.

Але як быць кліентам камерцыйных банкаў, дзе ў Назіральнай радзе віцэ-прэм’ераў няма?

Тарас Надольны: “У якасці прыкладу нагадаю пра сітуацыю з Дэльта-банкам. Хай сабе і не самы буйны банк, але грошай агенцтва хапіла на тое, каб выплаціць людзям грошы па ўкладах. Цяпер вырашаюцца пытанні вяртання Агенцтву патрачаных рэсурсаў за кошт актываў гэтага банка”.

Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка абяцае, што рэзервы Агенцтва па гарантаваным вяртанні ўкладаў вырастуць да 15% ад агульнай сумы ўсіх банкаўскіх укладаў. Маўляў, гэта павінна канчаткова супакоіць любога, хто сумняваецца ў вяртанні свайго ўкладу ў выпадку фінансавых праблем у банку. А што, калі “сістэмны банкаўскі крызіс”?

Па словах фінансавага аналітыка “Альпары” Вадзіма Іосуба, калі “лягуць” усе банкі, то пытанне вяртання грошай усім укладчыкам будзе не галоўным: у выпадку такога крызісу “кладзецца” ўся эканоміка.

Вадзім Іосуб: “Сістэма гарантаванага вяртання ўкладаў у пэўнай ступені дэкларатыўная. Яна нядрэнна працуе, калі “кладзецца” невялікі па беларускіх мерках банк накшталт таго ж “Дэльта-банка”. Але як гэтая сістэма будзе працаваць у выпадку тэарэтычных праблем у буйнога банка — не вельмі зразумела. Бо рублёвую запазычанасць банка перад укладчыкамі можна вярнуць з дапамогай друкарскага станка, але 70% укладаў у нас у валюце. І вярнуць іх за кошт друкарскага станка не атрымаецца”.

Дык несці грошы ў беларускія банкі ці не, калі ў рэзерве ў Агенцтве па гарантаваным вяртанні ўкладаў толькі 7,2% ад усёй сумы ўкладаў? Вадзім Іосуб сцвярджае, што не на гэтую лічбу трэба найперш звяртаць увагу.

Вадзім Іосуб: “Трэба глядзець на агульны стан эканомікі і агульны стан банкаўскай сістэмы”.

А з улікам таго, што ў нас большасць укладаў цяпер доўгатэрміновыя і без права адклікання, якія нельга ў любы момант пры жаданні забраць, то і “набегі” на банкі немагчымыя. Што робіць іх больш устойлівымі ў часы крызісу.

Фота Змітра Лукашука, Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі