Колькі збіраюцца траціць замежнікі на мінскім чэмпіянаце свету па хакеі?

Па падліках тэлеканала АНТ, на Чэмпіянаце свету па хакеі дзяржава заробіць на замежных турыстах пад 70 мільёнаў еўра (для параўнання, на гэтыя грошы можна збудаваць каля 1700 новых аднапакаёвак у Мінску). У праграме “Дело принципа” такую лічбу паспрабавалі абгрунтаваць наступным чынам:

Па нашых падліках, кожны іншаземец з 9 па 25 траўня патраціць у Беларусі мінімум 3500 еўра (пералёт у Мінск і назад сюды не ўключылі, ― заўв. Еўрарадыё). У гэтую суму ўваходзіць наведванне матчаў і пражыванне. У траўні мы чакаем каля 20 тысяч турыстаў, а значыць, даход ад Чэмпіянату свету па хакеі можа наблізіцца да 70 мільёнаў еўра. Для двухмільённага горада гэта цалкам прыстойна. І някепска для іміджу краіны ў цэлым”.

Тэлеканал прадказвае, што толькі на харчаванне кожны замежнік патраціць пад 1000 еўра. Па 100 еўра заўзятары, па версіі АНТ, выкладуць на наведванне Нясвіжскага і Мірскага замкаў. На сувеніры з сімволікай чэмпіянату кожны аддасць мінімум па 15 еўра. За кераміку, лён і дрэва ― мінімум па 20. На беларускім крышталі, алкаголі, карцінах і цукерках дзяржава атрымае яшчэ па 150-200 еўра з носа.

У якую суму на ЧС па хакеі ў Мінску абыходзяцца квіткі і гатэлі?

Цікавімся непасрэдна ў замежных заўзятараў, колькі яны збіраюцца патраціць.

На чалавека 500 долараў (каля 370 еўра, ― заўв. Еўрарадыё) бярэм з сабой”, ― расказвае хакейная заўзятарка з Польшчы Агнешка. Квіткі яна купіла найтаннейшыя, на два матчы. Падчас аўтамабільнага тура Агнешка і яе сябры збіраюцца наведаць Гродна і Нясвіж. А ў Мінску кампанія спыніцца ў сяброў.

Еўрарадыё: 500 долараў на чалавека гэта з харчаваннем і пераездамі?

Агнешка: “Так, плюс начоўкі. Але без падарункаў для сяброў. Я яшчэ думаю, ці не ўзяць з сабой больш грошай. Чула, што ў Мінску цяпер нятанна. Нават спыніцца ў беларускіх сядзібах каштуе даражэй, чым у Польшчы. Але прыкладна гэта будзе 500 долараў”.

У Беларусь Агнешка прыедзе літаральна на тыдзень і патраціць збіраецца прыкладна ў 10 разоў менш, чым прадказвае АНТ. І гэта з дарогай да нас і назад!

У суполках па продажы квіткоў на чэмпіянат свету расіянка Ірына Залачэўская прадае цэлую пакетную прапанову на траіх чалавек. Яна вымушаная адмовіцца ад трыпу на чэмпіянат “па сямейных абставінах”.

Прадам квіткі на тры матчы з удзелам зборнай Расіі, на 9, 11 і 12 траўня, ― прапаноўвае расіянка. ― Плюс, пражыванне ў фан-вёсцы. За ўсё ― 20 000 расійскіх рублёў (каля 400 еўра, ― заўв. Еўрарадыё)”.

То бок за квіткі і жыллё адзін чалавек аддасць прыкладна ў 25 разоў менш, чым прадказвае АНТ. І зноў жа, людзі прыедуць толькі на чатыры дні чэмпіянату.

У асноўнай масе будуць расіяне і латышы. Тыя, што з намі мяжуюць. З Чарапаўца, з Рыгі прыязджаюць. Кажуць, што вельмі дорага ў нашых гатэлях спыняцца, што нават нумароў няма. Таму ў мяне дома будуць гэтыя хлопцы жыць, ― апісвае сітуацыю Канстанцін Цітоў, заўзятар хакейнай і футбольнай зборнай Беларусі. ― Многія нашы сябры размяшчаюць у сябе замежнікаў, дык тыя нават і не патрацяцца на пражыванне. Усе едуць на аўто. Набудуць страхоўкі, зальюць паліва, купяць гарэлкі, мабыць, сходзяць у начны куб. Вось, таксама ўсе едуць на адзін-два матчы. Па 200-300 долараў у іх там бюджэт, а не па 3500 еўра”.

Канстанцін амаль не прапускае топ-спаборніцтвы з удзелам зборных Беларусі. Быў ён і на леташнім Чэмпіянаце свету ў Швецыі. Просім заўзятара апісаць, колькі яму тады давялося патраціць.

Канстанцін Цітоў: “Бюджэт быў меншы за 1000 еўра. Ляцелі мы з Вільні, 200 долараў туды-назад. Плюс, праезд на транспарце, трансферы з аэрапорта, у гатэлі тры дні мы жылі. Гатэлі там дарагія. Там мы не хадзілі ў смокінгах па дарагіх рэстаранах. У форме, з шалікамі наведвалі звычайныя бары і пілі півасік. Снедалі ў гатэлі, а таксама ў нумары сядзелі, здаралася, гарэлку пілі, закусвалі”.

Такім чынам, нават паездка ў звышдарагую Швецыю абышлася заўзятару у разы менш, чым тэлевізійшчыкі чакаюць на мінскім чэмпіянаце.

Калі ляталі на Алімпіяду ў Лондан, дзе падтрымлівалі нашых футбалістаў, нават з пералётам уклаліся ў 1000 фунтаў (каля 1200 еўра, ― заўв. Еўрарадыё). Гэта з пералётам-лоўкостам, ― працягвае падлікі Канстанцін. ― Прыляцелі ў Лондан, узялі аўто на пракат, на пяць чалавек. Паехалі ў Ковентры, засяліліся ў трохзоркавы гатэль. Набылі білеты на матч па 20 фунтаў. Пераначавалі, з’ездзілі пагулялі па Лондане. З Ковентры паехалі ў Манчэстэр, там засяліліся, схадзілі на матч з Бразіліяй. Пераначавалі, паехалі ў Ліверпуль, адкуль паляцелі дахаты”.

То бок нават ваяж на лонданскую Алімпіяду беларускаму фанату абышоўся, лічы, утрая танней, чым у нас збіраюцца атрымаць з кожнага прыезджага турыста.

Пры гэтым АНТ наракае на мінулагодні шведскі чэмпіянат свету, які аказаўся стратным. Безумоўна, чэмпіянат беларускі выгадны для развіцця нашага турызму. Але з такімі падлікамі яшчэ не вядома, ці прынясе ён на яве хаця б такія ж дывідэнды, якія атрымалі шведы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі