Кошт правядзення Дня Волі за 3 гады вырас у 3 разы — з 500 да 1500 долараў

Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" сёлета вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага мітынгу на плошчы Бангалор — задорага. Еўрарадыё высвятляе, колькі гэта — задорага для нашай апазіцыі.
 
Для пачатку даведаемся, колькі і каму мусілі заплаціць арганізатары за правядзенне шэсця і мітынгу на тым жа Бангалоры падчас святкавання Дня Волі 26 сакавіка. Па словах аднаго з заяўнікаў акцыі, намесніка лідара Руху “За свабоду” Юрася Губарэвіча, дамовы на аплату “паслуг” яны падпісалі з міліцыяй і медыкамі.
 
Юрась Губарэвіч: “На кожнага з 4 заяўнікаў фігуруе па аплаце міліцыі сума ў 5 мільёнаў 375 тысяч рублёў — гэта сумарна больш за 21 мільён рублёў (21 мільён 500 тысяч рублёў, калі дакладна — Еўрарадыё). І нешта каля 1 мільёна рублёў — хуткая дапамога”.
 
 
Агулам атрымліваем суму звыш 22 мільёнаў рублёў. Альбо, калі па курсе Нацбанка на той дзень, каля 1540 долараў. Праўда, кажа Губарэвіч, за “паслугі” міліцыі арганізатары пакуль не заплацілі — вырашылі даведацца дакладна, чаму прысутнасць на свяце 66 АМАПаўцаў і 16 супрацоўнікаў ДАІ каштуе так дорага. І запатрабавалі ад міліцэйскіх начальнікаў каштарыс. Маўляў, ці не вымушаныя заяўнікі акцыі аплачваць паслугі па затрыманні ўдзельнікаў мерапрыемства? Адказу на свой запыт пакуль не атрымалі. 
 
Сума, вядома, атрымалася немалая, але не дае адказу на пытанне, чаму яна сёлета падаецца арганізатарам "Чарнобыльскага шляху" завялікай. Раней жа хапала на правядзенне і гэтага мерапрыемства, і Дня Волі…
 
Для гэтага возьмем, да прыкладу, Дзень Волі-2012 і паглядзім, колькі ён каштаваў. Па словах аднаго з заяўнікаў мерапрыемства Уладзіміра Коласа, іх выдаткі выглядалі наступным чынам: паслугі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — 3 мільёны 380 тысяч рублёў, медыкам за “хуткую” — 700 тысяч рублёў. Ну, і каля 800 тысяч рублёў заплацілі арганізатары за гукаўзмацняльную апаратуру. Але гэта крыху з іншага артыкула расходаў. Таму спынімся на суме 4 мільёны 80 тысяч рублёў. Па курсе таго дня гэта 506 долараў. 
 
Пагадзіцеся, розніца паміж 1540 і 505 доларамі адчувальная. І менавіта гэтая сума, якую найхутчэй давядзецца плаціць і заяўнікам “Чарнобыльскага шляху”, вымушае адмовіцца ад мітынгу на Бангалоры, сумна пагаджаецца з разлікамі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч
 
Зразумела, што ўзяць і сплаціць 1500 долараў арганізатарам дастаткова праблемна. Асабліва з улікам таго, што плаціць, як гэта сцвярджае Губарэвіч, даводзіцца “са сваёй кішэні”. Што рабіць, ці ёсць выйсце?
 
Першае, што прыходзіць у галаву, — звярнуцца па дапамогу да людзей — сабралі ж Логвінаву звыш 1 мільярда рублёў на выплату штрафу! Гэта, кажа Губарэвіч, яны і плануюць зрабіць найбліжэйшым часам. Так чаму б не звярнуцца да людзей з просьбай скінуцца на мітынг на Бангалоры і заяўнікам “Чарнобыльскага шляху”? 
 
“Заяўку ў Мінгавыканкам панясем у найбліжэйшую пятніцу, — тлумачыць Аляксей Янукевіч. — А пасля падачы ўжо нічога перайграць нельга будзе і дапісаць мітынг на Бангалоры”.
 
 
А пісаць яго, не ведаючы, ці захочуць людзі скідвацца, рызыкоўна. Ага, асабліва з улікам яшчэ аднаго нюансу. Калі казаць пра Дзень Волі 2012 года, то на яго прыйшло каля 5 тысяч чалавек. Што маем у 2015 годзе? Не давяраць карэспандэнту Еўрарадыё Алесю Пілецкаму, які працаваў на мерапрыемстве, у мяне падставаў няма, а ён кажа, што людзей было каля 1 тысячы. З кожнага па 1,5 долара сабраць — невялікія грошы, скажаце вы. Магчыма. Але дзе гарантыя, што людзі захочуць плаціць за “задавальненне” праходзіць праз металашукальнікі на ўваходзе на Бангалор і спрабаваць хоць нешта пачуць са сказанага выступоўцамі?
 
Фота: Зміцер Лукашук, Еўрарадыё Відэа: belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі