Кожнае трэцяе даручэнне Лукашэнкі не выконваецца — КДК
Чыноўнікі не спяшаюцца рэалізоўваць ідэі Аляксандра Лукашэнкі / Карыкатура dw.com
У Камітэце дзяржаўнага кантролю Беларусі расказалі, колькі даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі не выконваецца. Па краіне ў 2022 годзе гэта быў 31%. "Гэта шмат, — кажа кіраўніца галоўнага ўпраўлення арганізацыйнай працы, кантролю і знешніх сувязяў КДК Аксана Белавец. — У аблвыканкамах гэты паказчык значна горшы, у сярэднім ён складае 56%".
Па словах Белавец, найгоршая сітуацыя ў Віцебскім і Гродзенскім аблвыканкамах, дзе не выканана 57% даручэнняў Лукашэнкі.
"Што тычыцца даручэнняў, якія знаходзяцца на кантролі КДК (гэта даручэнні складаныя, стратэгічна важныя), то тут паказчык нявыкананых у сярэднім складае 46%, — працягвае кантралёр. — Па Віцебскім аблвыканкаме гэтая лічба вышэйшая — 73%, а ў цэлым па ўсіх аблвыканкамах яна набліжаецца да 70%".
У чым прычына невыканання даручэнняў? У адсутнасці каардынацыі працы, у слабой прапрацоўцы праектаў, нізкай выканаўчай дысцыпліне, фармалізме і халатнасці. Аднак намеснік старшыні КДК Станіслаў Наркевіч заявіў, што ўжо выпрацаваная сістэма, якая "выключае іх невыкананне" — з адказнымі ўсіх узроўняў, з тэрмінамі прамежкавага кантролю і г. д. Але ж выканаўцы застануцца тыя самыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.