Краіна, дзе п’юць больш за 8 літраў, вымірае. У Беларусі п'юць па 14 літраў

У Мінску і Гомелі зноў дазволілі прадаваць алкаголь у начны час. З гэтай нагоды Еўрарадыё звярнулася па каментар да навукоўцаў. Няўжо абмежаванне продажу не давала станоўчага эфекту ў барацьбе з алкагалізацыяй?

Загадчык навуковага аддзела наркалогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Андрэй Капытаў тлумачыць, што ранейшая забарончая мера давала эфект і была правераным сусветным досведам.

“Помніце, калі ў 1985 годзе ўвялі сухі закон? Яго шмат крытыкуюць. Але трэба адзначыць, што ў той год колькасць алкагольных псіхозаў у СССР і колькасць цырозаў печані зменшылася ў 4 разы. Вось як гэту інфармацыю ацэньваць? Гэта станоўча ці не станоўча? Гэта факты, ад якіх нікуды не ўцячэш”, — прыводзіць аналогіі Андрэй Капытаў.

Еўрарадыё: Напрыклад, у Польшчы сёння няма абмежаванняў продажу ўначы. Спецыялізаваныя алкагольныя крамы працуюць кругласутачна…

Андрэй Капытаў: Тут трэба ўлічваць, што па колькасці пунктаў продажу алкаголю на душу насельніцтва мы значна наперадзе Польшчы. Напрыклад, калі крама адна на тры тысячы чалавек, то кругласутачны продаж не будзе адбівацца так негатыўна. А калі, як у нас, адзін пункт часам на 200-300 чалавек, то яго закрыццё пасля 22 гадзінаў, безумоўна, дае эфект. Гэта правераныя сусветнай практыкай меры, эфектыўныя ў барацьбе з алкагалізацыяй.

У Мінгарвыканкаме патлумачылі, чаму адмянілі забарону на продаж алкаголю

Еўрарадыё: Міністэрства гандлю прыводзіць аргумент пра тое, што з увядзеннем забароны з’явілася шмат кантрафактнай прадукцыі. Не сакрэт, што ўсё адно спіртное прадаюць таксісты. У Мінску ёсць папулярныя месцы, дзе працуюць мясцовыя бутлегеры. І як у такой сітуацыі змагацца з алкагалізацыяй?

Андрэй Капытаў: Павінен быць комплекс мерапрыемстваў, у якіх медыкі стаяць, можа быць, на дзясятым месцы. Самыя эфектыўныя мерапрыемствы праводзяцца на ўзроўні дзяржаўных органаў кіравання. У тым ліку гэта абмежаванні продажу па часе і па ўзросце. Такіх мерапрыемстваў маса. Нейкія з іх накіраваныя на зніжэнне частаты спажывання алкаголю. Нейкія — на змяншэнне дозаў.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што ў Беларусі гэтыя правераныя меры прымаюцца не ў дастатковай ступені?

Андрэй Капытаў: На маю думку, не зусім у дастатковай ступені. Добрых намераў вельмі шмат. Але калі гутарка заводзіцца пра тое, што трэба зніжаць спажыванне алкаголю, з’яўляюцца непаразуменні. Пазіцыя некаторых ведамстваў, якія выступаюць супраць забароны на продаж алкаголю, усім зразумелая. Грошы, атрыманыя з продажу алкаголю, — гэта хуткія грошы. З іх мы атрымліваем зарплаты, студэнты — стыпендыю, пажылыя людзі — пенсіі. У Мінгандлю задача прадаць больш і зарабіць больш грошай. А ў медыкаў задача, каб людзі менш спажывалі ў той час, калі продаж павялічваецца. Гэта нонсенс. І калі пачынаюць аб’ядноўваць тое і тое, Мінфін кажа: “У вас свае задачы, а ў нас свае”. Атрымліваецца як у байцы “Лебедзь, рак і шчупак”.

Еўрарадыё: Што павінна здарыцца, каб барацьба з алкагалізацыяй была эфектыўнай?

Андрэй Капытаў: Трэба, каб МУС, Мінгандлю, Мінздароўя, Міністэрства адукацыі і іншыя ведамствы сапраўды аб’ядналіся. Толькі тады будзе плён. Прывяду такі прыклад. Калі мы спрабавалі абследаваць школьнікаў у межах навуковага праекта, то ў школы не пускалі: “У нас усё добра — ідзіце ў наступную”. Хоць у Мінадукацыі зацікаўленыя ў вырашэнні праблемы, яны паўсюль выступаюць: “Трэба, трэба, трэба”. І такіх нюансаў, якія перашкаджаюць у барацьбе з алкагалізацыяй, безліч. Ва ўсім свеце на чале такіх мерапрыемстваў стаіць паліцыя. У медыкаў задачы вельмі абмежаваныя. Нарколагі павінныя вырашаць медыцынскія задачы, а не бегаць за залежнымі людзьмі па гарадах і вёсках.

“Дзяржавы, дзе даходзіла да такой лічбы па спажыванні алкаголю, выміралі”

Андрэй Капытаў тлумачыць, што дзяржавы, якія змаглі знізіць тэмпы алкагалізацыі, дзейнічалі па даволі простай і зразумелай схеме.

Вытворчасць алкаголю зніжалася, а цэны павялічваліся. Гэта прыводзіць да зніжэння прапановы. У той жа час забяспечвалася антыалкагольная прафілактыка. Пры гэтым нязграбная сацыяльная рэклама ў стылі “Не пі, не куры!” належнага эфекту не дае, лічыць навуковец.

Еўрарадыё: Ёсць звесткі, што спажыванне чыстага спірту ў Беларусі на чалавека — блізу 14 літраў. Гэта небяспечная лічба?

Андрэй Капытаў: 14 літраў — гэта колькасць прададзенага алкаголю, падзеленая на колькасць насельніцтва ў краіне. Аб’ектыўна ацаніць гэтую лічбу складана. У адным з раёнаў, які мяжуе з Расіяй, некалькі гадоў таму спажыванне было не 14, а 70 літраў. Прыязджалі расіяне з памежных раёнаў і куплялі гарэлку скрынямі (падзеі адбываліся ў часы, калі беларускі алкаголь каштаваў танней, чым у РасііЕўрарадыё). А потым прададзены алкаголь дзеліцца толькі на жыхароў гэтага раёна. А Сусветная арганізацыя аховы здароўя бярэ афіцыйную статыстыку.

Еўрарадыё: Ці азначае гэта, што словы пра выміранне беларусаў — пустое?

Андрэй Капытаў: Краіна, дзе п’юць больш за 8 літраў на душу насельніцтва, — на мяжы вымірання. Гэта не мае словы — гэта заканамернасць развіцця грамадства. Так было ва ўсе стагоддзі. Дзяржава, дзе даходзіла да такой лічбы, вымірала. Нават адукаванага і цывілізаванага племені мая з часам не стала, калі спажыванне алкаголю ў іх перакрочыла за мяжу ў 8 літраў. 

Фота news.yandex.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі