Крэмль: цытата Пуціна аб "узяцці" Кіева была вырвана з кантэксту
Расійскія ўлады нарэшце адрэагавалі на "ўцечку інфармацыі" пра размову прэзідэнта Расіі і кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу.
Нагадаем, як напісала італьянская газета Repubblika, 30 жніўня на пасяджэнні Еўрапейскага савета Барозу распавёў пра сваю тэлефонную размову з Пуціным. Калі еўрапейскі палітык згадаў пра расійскія войскі, якія ўварваліся ва Украіну, прэзідэнт Расіі, нібыта, сказаў наступнае: "Гэта насамрэч не ёсць праблемай. Калі я захачу, то вазьму Кіеў праз два тыдні".
Словы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра нібыта гатоўнасць "узяць" Кіеў, працытаваныя Барозу, былі вырваныя з кантэксту і мелі іншы сэнс. Пра гэта заявіў памочнік Пуціна Юрый Ушакоў.
"Гэта некарэктна, гэта выходзіць за рамкі дыпламатычнай практыкі. Гэта не варта сур'ёзнага палітычнага дзеяча", — цытуе словы Ушакова РІА "Новости".
Нагадаем, 1 верасня міністр абароны Украіны Валерый Гелецей заявіў, што "па неафіцыйных каналах расійскі бок ужо некалькі разоў пагражаў, што ў выніку працягвання супраціву, ён гатовы выкарыстаць супраць нас тактычную ядзерную зброю".
Фота — ria.ru