Куды лепш за ўсё ўкласці рублі, каб застрахавацца ад росту долара?

“Долары ёсць, што здаюць, але іх вельмі хутка выкупляюць”, — кажа мінчанка Алеся, якую сустракаем у чарзе да абменніка ў ГУМе. Яна набывае долары, бо лічыць, што такім чынам захавае заробак. За месяц беларускі “зайчык” у дачыненні да долара патаннеў на 36%. Як выратаваць грошы ад далейшага абясцэньвання?

У сталічным Міхайлаўскім скверы сустракаем Алену. Яна акурат думае над тым, куды ўкласці беларускія рублі.

“Я думаю, трэба зрабіць дэпазіт, але як тут выгадаць, каб не прайграць і каб не падманулі? І на які ўклад рабіць стаўку? Страшна. Я вось думаю, што рабіць?!” — пытаецца дзяўчына.

Паспрабуем укласці рублі ў банк

“Беларусбанк” цяпер прапаноўвае ўклады ў рублях з даходнасцю ў 45% гадавых на 35 дзён: вы не памыляецеся, гэты ўклад раней можна было зрабіць пад 50% гадавых!

Калі пакласці 5 мільёнаў на 35 дзён, можна “зарабіць” 215 тысяч, (але мы памятаем пра падаражанне долара на 36% менш чым за месяц). Пры курсе на 21 студзеня гэта 14 долараў.

Прыняць 5 мільёнаў на валютны ўклад не змогуць, бо мінімальная сума ўкладу — 500 долараў, і прыходзіць трэба са сваёй валютай: безнаяўныя разлікі ў “Беларубанку” прыпыненыя. Зарабіць за тры месяцы на такім дэпазіце можна толькі 7 долараў.

Укладаць грошы ў сябе!

Мінчанка Анастасія найлепшай інвестыцыяй называе набыццё нерухомасці. Калі нерухомасць ёсць — можна зрабіць дома рамонт ці набыць новую мэблю. У выпадку, калі грошай няшмат і на свае квадратныя метры не хопіць, можна заняцца адукацыяй: сябе і дзяцей.

“Зразумела, калі грошай няшмат, а для сям’і 4-5 мільёнаў цяпер невялікія грошы, гэта я вам як сямейны чалавек кажу, лепей укладаць у самаадукацыю. Курсы нейкія прайсці. Гэта заўсёды патрэбна”, — раіць студэнтка.

Колькі каштуюць курсы?

Цэны на моўныя курсы “Streamline” не змяняліся са жніўня мінулага года. Пачатковы курс англійскай мовы з нулявымі ведамі і двума семестрамі абыдуцца ў 7,2 мільёна. Эканомія за месяц атрымліваецца 177 долараў! Неблагі ўклад, улічваючы што за плячыма вопыт не насіць.

Ёсць курсы цырульнікаў, курсы кройкі і шыцця, майстроў па манікюры, цэны на іх таксама не змяняліся. Заняткі ў сярэднім абыдуцца ў 1,7 – 2,2 мільёна. Але дадаткова ўдакладніце колькасць і час заняткаў.

Мінчанін Зміцер выходзіць з “Беларусбанка”. Ён толькі што даведаўся, што валюты ў касах няма, а значыць, грошы некуды трэба ўкласці.

“У адпачынак, у лячэнне, у сябе! Трэба адпачываць, некуды з’ездзіць, каб настрой быў добры”, — не губляе аптымізму мужчына.

Турфірмы заўважаюць, што толькі што прыйшлі расцэнкі ад гатэляў, да прыкладу, у Егіпце. Калі ў красавіку адпачынак на сем дзён абыдзецца ў 1600 долараў, дык ужо ў пачатку чэрвеня — на 200 долараў больш. Прыняць плацеж могуць і ў рублях, але толькі тады, калі гатэль зробіць пацверджанне браніравання, а за гэты час курс можа змяніцца.

Бытавая тэхніка або свая справа

Мінчанка Наталля сумняваецца, але прапаноўвае ўкласці грошы ў бытавую тэхніку ці рызыкнуць і адкрыць сваю справу!

“Я нават не ведаю, мільён міксераў не накупляеш! Можна было б сказаць, што ў сваю справу, але гэта ў нашай краіне рулетка: можа атрымацца, а можа і не. Але праблема, куды падзець грошы, — гэта праблема тых, у каго грошы ёсць”, — разважае жанчына.

Набываць тэхніку можна толькі ў выпадку, калі яна сапраўды патрэбная. Да прыкладу, цана пральнай машыны за некалькі дзён, з 13 па 20 студзеня, змянілася на 20 долараў. А вось у параўнанні з 19 студзеня 2014 года цана пральнай машыны вырасла на 71 долар! Гэта менш чым за месяц і на фоне “недэвальвацыі”. Новая тэхніка, як заўважаюць ў “Карона-тэхна” прыходзіць ужо па новых цэнах.

Некалькі нашых слухачоў адразу прапаноўваюць набываць за грошы зліткі каштоўных металаў.

“Золата трэба набываць! Золата і брыльянты!” — упэўнена раяць адразу некалькі чалавек. Тут трэба агаварыцца, што набываць трэба не ювелірныя вырабы, бо іх пасля прымаюць па цане лому, а менавіта зліткі...

Набыць зліткі можна ў “Беларусбанку”, але з канца мінулага года банк прадае іх толькі за валюту, якой акурат у абменніках няма. Але як падлічвае Еўрарадыё, за год мерны злітак золата ў 5 грамаў патаннеў на 42 долары, у рублях падаражэў на 57 тысяч.

Пры жаданні валюту знайсці можна

Еўрарадыё запыталася і ў фінансавага аналітыка афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іосуба, на што цяпер можна зрабіць стаўку. Эканаміст ацаніў адказ Алены пра ўклад грошай у дэпазіт, а таксама параіў пашукаць валюту, бо такога дэфіцыту, як было ў 2011 годзе, пакуль няма.

“У сённяшняй сітуацыі ўкладаць грошы ў нерухомасць даволі праблематычна, бо цэны на яе апошнім часам падаюць. Ёсць варыянт зрабіць уклад у беларускіх рублях. Калі пастарацца, можна яшчэ знайсці стаўку пад 50%. Уклад у сябе, самаадукацыю — гэта добрая парада на ўсе часы, але гэта хутчэй можна аднесці да выдаткаў, як і рамонт. Бо з рамонту грошай не атрымаеш. Да таго ж цяпер можна пашукаць валюту ў абменніках, бо пры ахвоце долары можна знайсці ў абменніках каля рынкаў і ў гандлёвых цэнтрах, там, куды людзі прыходзяць грошы траціць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі