Лакалізацыя на "БелДжы" амаль дасягнула 50%
Лакалізацыя на "БелДжы" дасягнула амаль 50%. З такой заявай міністр прамысловасці Віталь Воўк выступіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".
Па словах чыноўніка, у красавіку былі арганізаваныя два сумесныя з холдынгам БАТЭ прадпрыемствы. Адно — па вытворчасці сядзенняў, другое — аўтамабільных радыятараў. Яны павінны пачаць працу ўжо бліжэйшым часам. "З запускам завода мы адкрылі новую эру развіцця прамысловага комплексу Беларусі — гэта легкавое аўтамабілебудаванне", — цытуе БЕЛТА словы міністра.
Ён дадаў, што ў Беларусі працуе сістэма падтрымкі продажаў айчынных аўто і карыстаецца вялікай папулярнасцю. На некаторыя мадэлі заказы распісаны, па словах Воўка, на ўвесь жнівень. На сёння завод "БелДжы" выпускае больш за 900 аўто ў месяц, а да канца года ставіцца задача наблізіцца да ўзроўню ў 2000 машын.
Беларуска-кітайскае СЗАТ "БелДжы", якое выпускае легкавыя аўтамабілі Geely, створанае ў 2011 годзе. Першы аўтамабіль быў сабраны ў лютым 2013 года.