Латвійскія памежнікі дапытваюць беларусаў і правяраюць тэлефоны
Мяжа Латвіі / mk.gov.lv
Латвійскія памежнікі праводзяць гутаркі з беларусамі пры перасячэнні мяжы і правяраюць іх тэлефоны. Пра гэта піша hrodna.life са спасылкай на допісы ў прыгранічных чатах. Адпаведныя паведамленні з’явіліся там на мінулых выходных.
Некаторыя падарожнікі едуць праз Латвію, каб доўга не стаяць на польскай ці літоўскай мяжы. Адзін з карыстальнікаў чата напісаў, што для яго перасячэнне мяжы зацягнулася на 3,5 гадзіны, бо ўсіх беларусаў запрашалі на гутарку латвійскія памежнікі. Іншы паведаміў, што латвійскія памежнікі падрабязна распытвалі, куды ён едзе і з якой мэтай.
Перасекчы беларуска-латвійскую мяжу можна ў пункце пропуску "Урбаны".
Беларускія памежнікі праводзяць такія праверкі на межах ужо некалькі месяцаў. На гутарку і пад асабісты дагляд трапляюць усе, каго ўнеслі ў базу "Беспарадкі". Таксама людзей могуць выклікаць наўгад, выпадкова. Асаблівую ўвагу беларускія памежнікі надаюць украінцам ды іншым замежнікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.