Лазоўскі пра закрытую справу “Белага легіёна” і знойдзены ў яго машыне аўтамат
Крымінальны пераслед усіх фігурантаў справы “Белага легіёна” спынены, справа перададзеная ў пракуратуру. Пра гэта 30 лістапада заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. І цяпер самым актуальным пытаннем становіцца адно: “Што гэта было?”, кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё адзін галоўных фігурантаў справы, былы лідар “Белага легіёна” Міраслаў Лазоўскі.
Еўрарадыё: Наколькі чаканай стала для вас навіна пра спыненне крымінальнага пераследу?
Міраслаў Лазоўскі: Безумоўна, нечаканай. Бо да апошняга моманту ніякай інфармацыі на гэты конт не было і можна было чакаць рознага развіцця падзей. Добра, што, як кажуць, разабраліся і ўсё так пазітыўна скончылася.
Еўрарадыё: Вы былі пад падпіскай аб неразгалошванні і аб нявыездзе ― яны больш не дзейнічаюць?
Міраслаў Лазоўскі: А вось гэта для мяне да гэтага часу загадка. Сказалі, што нейкія паперы для азнаямлення мне былі накіраваныя, але я пакуль нічога не атрымаў. Таму, для пачатку я хацеў і паперы тыя пачытаць, і каб адвакаты патлумачылі мне сэнс таго, што адбываецца. Пакуль я ведаю, што спынены крымінальны пераслед і справа перададзеная ў пракуратуру. Я не разумею, што гэта з юрыдычнага пункту гледжання азначае, бо пра спыненне справы нічога не кажуць.
Еўрарадыё: Але расказаць, як вас затрымлівалі, можаце?
Міраслаў Лазоўскі: Мяне затрымлівалі нейкія чатыры чалавекі ў масках, спынілі маю машыну, і мяне затрымалі. Хто гэта былі такія, з першага погляду немагчыма было разабрацца, бо яны былі без формы. Толькі калі я ўбачыў на адным з іх бронекамізэльку з надпісам “КДБ”, тады, натуральна, я “затрымаўся”.
Еўрарадыё: Што за аўтамат знайшлі ў багажніку вашай машыны і ці было такое ўвогуле?
Міраслаў Лазоўскі: Было. З багажніка маёй машыны вымалі нешта падобнае да аўтамата, але з экспертызай таго “прадмета” мяне не знаёмілі. Тут такая акалічнасць: затрымалі мяне ў адзін дзень, а вобшук машыны адбываўся на наступны дзень. Але асабіста для мяне стала вялікай нечаканасцю тое, што ў мяне ў багажніку ёсць тое, чаго я туды не клаў.
Еўрарадыё: Ці будзеце патрабаваць кампенсацыю за час, праведзены ў СІЗА?
Міраслаў Лазоўскі: Адказаць на гэтае пытанне змагу толькі пасля таго, як атрымаю паперы і з адвакатамі паразмаўляю. Бо пакуль я маю інфармацыю толькі са СМІ наконт таго, што агучыў Наскевіч на прэс-канферэнцыі. А гэта ж справа юрыдычная, і трэба дакладна ведаць усе акалічнасці.
Еўрарадыё: Вы маеце адказ на пытанне, навошта гэта рабілі і якая мэта была ў справы “Белага легіёна”?
Міраслаў Лазоўскі: Я ўжо столькі версій на тэму “навошта гэта было рабіць” чытаў, што… Разабрацца з гэтай кашай вельмі складана. Версій больш за дзясятак: пачынаючы ад інтарэсаў пэўных структур і да версій глабальнапалітычных. Адно магу сказаць дакладна: ніякага незаконнага ўзброенага фармавання ў прыродзе не існавала. Можа, распачынаючы гэтую справу, збівалі хвалю пратэстаў, запалохвалі людзей. А можа, тут прычына ў нашмат вузейшых інтарэсах пэўных структур. Мы, ні седзячы там, ні па выхадзе, не мелі ніякай дакладнай інфармацыі ― толькі аналітычныя артыкулы з рознымі меркаваннямі. Я па сёння не магу скласці ніякага асабістага меркавання наконт прычын з’яўлення гэтай справы. Проста з-за таго, што не маю ніякай інфармацыі.
Еўрарадыё: Казалі пра псіхалагічны ціск у дачыненні да затрыманых і нават пра прымяненне псіхатропных рэчываў ― было такое?
Міраслаў Лазоўскі: Мяркую, псіхалагічны ціск ад пачатку ўключаны ў методыку следства. Наконт псіхатропаў цяжка казаць. Шчыра кажучы, я не ведаю. Стрэсавая сітуацыя, я тыдні два адыходзіў ад затрымання, і таму сцвярджаць, ужывалася што ці не, не магу. Стан быў дзіўны і нестандартны, гэта праўда. Але ці было гэта выклікана стрэсам, альбо нечым іншым, я не ведаю.
Еўрарадыё: Няма думкі з’ехаць з краіны пасля ўсяго перажытага?
Міраслаў Лазоўскі: І думак такіх няма і жадання, я нікуды не хачу з’язджаць.
Еўрарадыё: Але ці ёсць ужо адчуванне, што можна ўздыхнуць спакойна?
Міраслаў Лазоўскі: Спадзяюся на гэта, але рэальным фактам гэта адчуванне стане толькі пасля атрымання ўсіх папер.
Пра затрыманне “баевікоў” 21 сакавіка заявіў Аляксандр Лукашэнка. За краты трапілі 35 чалавек. Іх абвінавачвалі ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў". Праз некалькі тыдняў маладафронтаўцаў вызвалілі, а 20 былых сяброў арганізацыі "Белы легіён" пачалі абвінавачваць у “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання”. У дзяржаўных СМІ з’явіліся сюжэты пра “склад арматуры” ў лесе, пра "лагеры баевікоў", паказвалі "арсеналы зброі". Аднак высветлілася, што гэта была прапаганда, якая не грунтавалася на фактах. Да канца чэрвеня ўсе фігуранты справы былі вызваленыя.