Лічба дня: 79 200 хвілін арышту за 10 хвілін акцыі салідарнасці з Украінай
Пяцёра затрыманых каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску атрымалі на ўсіх 55 сутак.
Арышт на 15 сутак па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) атрымалі актывіст Аляксандр Макаеў і каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі. Мікола Колас і Яўген Батура асуджаныя на 10 сутак. Вольга Мікалайчык атрымала 5 сутак арышту. На ўсіх яны атрымалі 55 сутак. Гэта 1320 гадзін, ці 79 200 хвілін. Сама ж акцыя працягвалася менш за 10 хвілін.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме — суддзя Вікторыя Шабуня, нягледзячы на шматлікія просьбы, не дазволіла прысутнічаць на працэсе журналістам і праваабаронцам.
22 студзеня, у гадавіну расстрэлаў на Майдане, людзі збіраліся ў Мінску каля помніка Тарасу Шаўчэнку. Яны хацелі ўшанаваць памяць загінулага там Героя Нябеснай сотні беларуса Міхаіла Жызнеўскага і іншых украінскіх герояў. Яны ўсклалі кветкі, праспявалі гімн Украіны і беларускі рэлігійны гімн “Магутны Божа”. Пасля гэтага пачаліся затрыманні.