Лідара крымскіх татар Мустафу Джамілёва вылучылі на Нобелеўскую прэмію
Шэраг грамадскіх арганізацый расійскай рэспублікі Татарстан вылучылі лідара крымскіх татараў Мустафу Джамілёва на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.
Як перадае ўкраінская служба ВВС, сярод гэтых арганізацый — Рада старэйшын, Татарскі грамадскі цэнтр і Меджліс татарскага народа.
“Несумненна, Мустафа Джамілёў — адзін з найбольш годных прэтэндэнтаў на гэтую прэстыжную прэмію”, — гаворыцца ў сумеснай заяве татарскіх арганізацый.
Яны падкрэслілі, што дзякуючы Джамілёву “крымскія татары сталі неад'емнай часткай украінскага грамадства” і “прымаюць актыўны ўдзел у дзяржаўна-палітычным будаўніцтве сучаснай Украіны”.
Джамілёў з 1960-х гадоў вёў у Савецкім Саюзе дысідэнцкую і праваабарончую дзейнасць.
Ён 15 гадоў адседзеў у савецкіх лагерах, змагаючыся за права свайго народа вярнуцца на радзіму з месцаў сталінскай дэпартацыі.
Раней Джамілёва двойчы вылучалі на атрыманне прэміі, у 2009 і 2011 гадах.
22 красавіка раніцай Джамілёву пры выездзе з Крыма невядомыя людзі зачыталі і ўручылі акт аб забароне на ўезд на тэрыторыю Расіі да 2019 года.