Лідары G-7 заявілі пра агрэсію Расіі, саміта ў Сочы не будзе
З'явілася калектыўная заява Вялікай Сямёркі аб расійскай агрэсіі супраць Украіны.
У ёй гаворыцца: "Мы, лідары Канады, Францыі, Нямеччыны, Італіі, Японіі, Вялікабрытаніі і ЗША з Прэзідэнтам Еўрапейскага Савета і прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі, аб'ядналіся сёння, каб асудзіць відавочнае парушэнне Расійскай Федэрацыяй суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, што супярэчыць абавязацельствам Расіі ў адпаведнасці са Статутам ААН і яе базавага пагаднення з Украінай ад 1997 года".
Аўтары заявы заклікалі Расію вырашыць любыя спрэчныя пытанні з Украінай падчас перамоваў або міжнароднай назіральнай місіі, а таксама выказалі гатоўнасць дапамагчы ў наладжванні гэтага працэсу, паведамляе УНІАН.
"Адзначым, што дзеянні Расіі ва Украіне таксама парушаюць прынцыпы і каштоўнасці, на якіх грунтуюцца G-7 і G-8. Такім чынам, мы вырашылі пакуль прыпыніць наш удзел у дзейнасці, звязанай з падрыхтоўкай запланаванага саміту G-8 у Сочы ў чэрвені, пакуль абставіны не зменяцца на такія, пры якіх змястоўная дыскусія будзе магчымая", — заявілі лідары Вялікай Сямёркі.
У заяве таксама адзначаецца, што краіны G-7 "адзіныя ў падтрымцы суверэнітэту Украіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама яе права выбіраць сваю будучыню". Яны абавязуюцца падтрымліваць Украіну "ў яе намаганнях па аднаўленні адзінства, стабільнасці і палітычнага і эканамічнага здароўя ў краіне". З гэтай мэтай лідары G-7 абяцаюць падтрымліваць працу Украіны з Міжнародным валютным фондам, "каб абмеркаваць новую праграму і рэалізаваць неабходныя рэформы". Падтрымка МВФ будзе мець вырашальнае значэнне ў атрыманні дадатковай дапамогі ад Сусветнага банка і іншых міжнародных фінансавых інстытутаў, ЕС і двухбаковых крыніц, адзначаюць аўтары заявы.
Фота — Reuters