Лідзія Ярмошына расказала, як знайшлі падробленыя подпісы за Цярэшчанку
Лідзія Ярмошына расказала ў жывым эфіры, якім чынам былі знойдзеныя фальшывыя подпісы, здадзеныя ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі. Старшыня ЦВК вступіла ў прамым эфіры на канале “Беларусь 1”.
Па словах Лідзіі Ярмошынай, Віктар Цярэшчанка мог сабраць і больш сапраўдных подпісаў, чым у яго ў выніку засталося. “Мы правяралі 15% ад агульнай колькасці. Калі яны былі несапраўднымі — забракоўвалі ўсю партыю. У выніку сапраўдных подпісаў магло быць і больш, але ў нас такая тэхналогія… Выбары — гэта заўсёды латарэя”, — сказала Лідзія Ярмошына.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама расказала, што сярод здадзеных Віктарам Цярэшчанкам падпісных лістоў былі нават ксеракопіі, а таксама лісты, цалкам запоўненыя “адной рукой”, уключна з подпісамі. “Былі выпадкі, калі там нават немаўляты падпісваліся. Былі пазначаныя пашпартныя дадзеныя малалетніх дзяцей”, — расказала Ярмошына.
Былі выпадкі, калі там нават немаўляты падпісваліся. Былі пазначаныя пашпартныя дадзеныя малалетніх дзяцей
Акрамя гэтага старшыня ЦВК распавяла пра выпадак, калі правяраючы пабачыў у спісах сваіх суседзяў і увечары абыйшоў некалькі кватэр. Аказалася, што ніхто з гэтых людзей не ставіў свайго подпіса і не даваў згоды на вылучэнне кандыдата.
“Тое, што здарылася з подпісамі Цярэшчанкі, не паўплывае на іншых прэтэндэнтаў. Іх подпісы не будуць пераправярацца”, — заявіла Лідзія Ярмошына.
Са 130 тысяч здадзеных ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі подпісаў праверку прайшлі толькі 6699. Іншыя былі забракаваныя тэрытарыяльнымі камісіямі. Працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты прызначаная на 10 верасня. На дадзены момант засталося чатыры прэтэндэнты: Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Мікалай Улаховіч і Таццяна Караткевіч.