Літоўскія памежнікі за выходныя затрымалі больш за 30 нелегалаў з Беларусі
Літоўскія памежнікі заяўляюць, што амаль штодня затрымліваюць нелегельных мігрантаў з Беларусі.
"За выходныя затрымалі тры групы нелегалаў, гэта больш за 30 чалавек", — прыводзіць delfi.lt словы кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева.
Яго намеснік Відас Мачайціс падкрэслівае, што плыні нелегалаў ідуць у Літву і Польшчу. "У Латвіі няма ніводнага, а ў нас — 273 нелегалы, у Польшчы — 180. Усё ідзе праз Літву і Польшчу", — кажа ён.
Літва разглядае магчымасць прыцягнуць да абароны мяжы войска — пры неабходнасці. Таксама вырашаецца пытанне закупкі новых сродкаў абароны і зброі ды абсталявання мяжы дадатковымі сродкамі абароны.
Любаеў заяўляе, што цяпер мяжу ахоўвае ў два разы больш памежнікаў, чым звычайна. Пры гэтым з беларускімі памежнікамі няма амаль ніякіх кантактаў. "Мы перадаем інфармацыю беларускім калегам, але яны не адказваюць, не прыязджаюць на месца нелегальнага перасячэння мяжы. Па дзеючых правілах, мы павінны праводзіць расследавання сумесна, але гэтага няма, усё тлумачаць COVID-19 і дзейнымі ў Беларусі абмежаваннямі. Мы бачым, што не хочуць фіксаваць факт парушэння мяжы і супрацоўнічаць з нашымі ведамствамі", — кажа кіраўнік літоўскіх памежнікаў.
Раней літоўскі бок заяўляў, што беларускія памежнікі хаваюць сляды незаконнага пераходу мяжы. У Беларусі гэта абвяргалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.