Літва абяцае не абмяжоўваць выдачу праязных дакументаў беларусам без пашпартоў
Літоўскі пашпарт / shutterstock.com
Улады Літвы не плануюць мяняць працэдуру выдачы пашпартоў замежніка для беларусаў. Для атрымання гэтага дакумента неабходна абгрунтаваць, чаму чалавек не можа аформіць пашпарт на радзіме, патлумачылі "Белсату" ў Дэпартаменце міграцыі пры МУС Літвы.
Пра новыя пашпартныя абмежаванні беларускіх уладаў у Літве ведаюць. Дырэктарка Дэпартаменту міграцыі Эвеліна Гудзінскайце сцвярджае, што беларусы, як і раней, могуць афармляць пашпарты замежніка.
Па яе словах, большасць беларусаў, якія працуюць у Літве, маюць магчымасць спакойна вярнуцца і вельмі часта гэта робяць. Тым, хто пазбаўлены такой магчымасці, Літва выдае адмысловыя пашпарты для падарожжаў: "Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія асцерагаюцца пераследу і не могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб’ектыўных прычынаў беларус не можа вярнуцца на радзіму, мы выдаём пашпарт замежніка".
Пры гэтым пашпарт замежніка могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ВНЖ. Беларус з літоўскім пашпартам замежніка можа свабодна вандраваць па Шэнгенскай зоне цягам максімум 90 дзён за паўгода (бо адначасова мае від на жыхарства ў Літве). Аднак пры гэтым усё адно трэба афармляць візы тых краін, куды грамадзянам Беларусі бязвізавы ўезд забаронены.
Аформіць пашпарт замежніка ў Літве — 65 еўра. Заява разглядаецца цягам пяці дзён. Пры дадатным рашэнні дакумент выдаюць цягам яшчэ 30 дзён. Паскоранай працэдуры за дадатковую аплату цяпер няма.
У Польшчы, як распавядала Еўрарадыё, таксама ёсць аналагічны дакумент для замежніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.