Лукашэнка: гэтай праблемай хворы я, а праз пару месяцаў — увесь свет
Аляксандр Лукашэнка працягвае каментаваць сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй COVID-19. У пятніцу падчас наведвання прадпрыемства "Белгіпс" і размовы з працоўнымі ён заявіў, што ад каранавіруса не хаваецца, а яго малодшы сын Мікалай ходзіць у школу.
"Добра, што вы працуеце, — гаварыў Лукашэнка падчас сустрэчы з працоўным калектывам прадпрыемства. — Гэта тая праблема, якой хворы я сёння. А праз некалькі месяцаў захварэе ўвесь свет. Што я маю на ўвазе? Мы гэтым псіхозам сёння спынілі фактычна эканоміку ўсяго свету".
"Псіхозам" Аляксандр Лукашэнка традыцыйна называе сітуацыю з каранавірусам у свеце. "Нават Расійская Федэрацыя і тая таксама пачала зварочваць вытворчасць", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка пахваліў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які 24 сакавіка заявіў, што "эканамічная рэцэсія можа быць страшней каранавіруса" і што яго краіне трэба вяртацца "да нармальнага жыцця".
"Трамп, як чалавек, які калісьці займаўся бізнесам, хутка зарыентаваўся, і апошняя яго заява мне вельмі спадабалася, — кажа Лукашэнка. — Ён сказаў так: калі мы неадкладна не вернемся на прадпрыемствы і не пачнем працаваць, то ад беспрацоўя, ад таго, што мы не пачнем працаваць, памрэ значна больш амерыканцаў, чым ад каранавіруса".
Згадваючы словы амерыканскага прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка даводзіць, што дзеянні ўладаў Беларусі былі слушныя.
"Цяпер вы зразумелі, чаму я не закрываў прадпрыемствы, — працягваў беларускі кіраўнік. — Хаця дарадцаў [хапала]. Вось кіраўнік Адміністрацыі [прэзідэнта] прысутнічае, ён можа расказаць калі-небудзь. [Дарадцаў] было мора: закрыць межы, закрыць прадпрыемствы, усіх пасадзіць на каранцін ці яшчэ кудысьці, штосьці... Тады мной было прынята жорсткае рашэнне: саджаць будзем толькі тады, калі трэба".
У Беларусі на 27 сакавіка зарэгістравана 94 выпадкі каранавіруса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.