Уся гэтая гісторыя — з серыі "веру-не веру". Бо ніякіх доказаў яе праўдзівасці быць не можа. Хіба што нехта запісаў на дыктафон, як Лукашэнка вядзе такую размову, — але я ўпэўнены, што на размову, якую можна было б запісаць, ён бы не пайшоў. Падараваць ворагу такое аўдыё? Для гэтага ён занадта дасведчаны палітык.
Гэта частка псіхалагічных войнаў. Так, гэтая навіна можа пагоршыць адносіны з Расіяй. Калі там у яе павераць ці хаця б дапусцяць, што Лукашэнка можа здрадзіць Пуціну, гэта можа справакаваць скандал. Асабліва ўлічваючы, што (Уладзімір) Пуцін — канспіролаг, а ягонае асяроддзе цяпер ад яго адмаўляецца.
На тое і разлік. І калі Лукашэнка цяпер пачне апраўдвацца — гэта заб'е клін у адносіны з Расіяй. Бо паглядзіце: прайшло ўжо нямала часу, а беларуская прапаганда маўчыць. Відавочна, што загадана не раздзімаць гэтую гісторыю. Лукашэнка даўно мог бы выйсці і сказаць, што нічога такога не было — але ён не хоча раздзімаць тэму, яму непрыемна пра яе гаварыць. Бо раптам у Расіі падумаюць: чаго гэта ён апраўдваецца?
Псіхалагічная вайна вядзецца на ўсіх франтах, і калі запускаецца такая інфармацыя, гэта робіцца ў тым ліку з мэтай забіць клін паміж Беларуссю і Расіяй.
Роза Турарбекава: Не хапае фантазіі і інсайдаў, каб паверыць у такую тэорыю
— Складана сказаць, мне гэта падаецца нелагічным. Калі бегчы — чаму ў Польшчу? Бліжэй?
Я думаю, у яго была б магчымасць дамовіцца не з Польшчай, а з краінай, якая магла б забяспечыць яму сур'ёзнейшыя гарантыі і ахову.
Можа быць, Варшава разглядалася для транзіту, але, з майго пункту гледжання, гэта гучыць фантастычна. Хоць, магчыма, у мяне недахоп фантазіі і інсайдарскай інфармацыі на гэты конт.
Аляксандр Кныровіч: “У тое, што ён спытаў? Веру. У тое, што Польшча дазволіла б? Не веру”
— Я ўпэўнены, што рускія не дазволілі б яму збегчы з гэтага карабля, які ідзе на дно. Крамлю б не спадабалася, што такі адданы Пуціну чалавек раптам уцёк у Дубай і пачаў расказваць, што ён за мір і да апошняга стрымліваў расійскага прэзідэнта.
Ці магло гэта адбывацца? Упэўнены, што магло. Не ведаю, як да гэтага паставілася б Варшава ў 2022 годзе. Лукашэнка — чалавек, які пасадзіў Анджэя Пачобута, у той час ужо разгортваўся міграцыйны крызіс. Гэта чалавек, які лічыцца злачынцам для Еўрасаюза. Не думаю, што Польшча пагадзілася б на гэта. Такія гульні магчымыя з іншымі краінамі — і немагчымыя ў дэмакратычнай краіне.
Хто мог бы быць тым чалавекам у Польшчы, які прыняў такое рашэнне? Хто аднаасобна дазволіў бы вылецець Лукашэнку з польскага аэрапорта? Прэзідэнт? Гэта толькі ў Беларусі ёсць прэзідэнт, які вырашае, як правільна даіць кароў і як правільна кідаць гранаты. Калі б нешта такое зрабіў прэзідэнт Польшчы, заўтра быў бы імпічмент.
У тое, што ён спытаў? Веру. У тое, што Польшча дазволіла б? Не веру.
Калі б пачаліся перамовы пра выпусканне Пачобута — была б іншая сітуацыя.
Арцём Шрайбман: “Паняцця не маю”
— У мяне няма нейкага выразнага інструмента для вымярэння праўдападобнасці гэтай гісторыі. Іншымі словамі — паняцця не маю.