Лукашэнка: Мы гатовыя прыняць у Беларусі зброю з Дэбальцава (відэа)
Беларускі кіраўнік абяцае вырашыць праблему акружаных украінскіх войскаў за суткі.
Беларусь магла б сыграць вялікую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, у прыватнасці, у Дэбальцаве. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў часе сённяшняй сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Сумам Чакрабарці, перадае БЕЛТА.
“Мы сёння прапанавалі ўкраінскаму і іншаму боку, уцягнутаму ў гэты канфлікт, што праблему Дэбальцава можна вырашыць цягам сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расія, “ДНР” і “ЛНР”, — заявіў Лукашэнка.
“Мы гатовыя не проста быць пасярэднікам, а годна спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава і вывесці ўсіх вайскоўцаў Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі ваяваць не будуць, — сказаў Лукашэнка. — І калі некага напружвае зброя, якой валодаюць вайскоўцы Украіны, абкружаныя ў Дэбальцаве, мы гатовыя прыняць на тэрыторыі Беларусі гэту зброю. Такім чынам, яна ніколі не будзе ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях”.
Пры гэтым Лукашэнка дадаў, што патрэбная згода ўсіх бакоў канфлікту.
“Калі для іх прыярытэт жыццё тысяч ні ў чым не вінаватых, абкружаных там людзей, то мы гатовыя гэта зрабіць цягам сутак”, — дадаў беларускі лідар.
Таксама Лукашэнка запэўнівае, што Беларусь стараецца адыграць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе, але дзейнічае непублічна.
Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў сваю чаргу падзякаваў беларускаму лідару за важную ролю пасярэдніка, якую краіна грае ў вырашэнні канфлікту на ўсходзе Украіны. Са словаў Сума Чакрабарці, гэта вельмі важнае пытанне для рэгіёну, бо ўплывае як на эканоміку, так і на палітыку.