Лукашэнка мяркуе, што прэзідэнтам ЗША можа стаць Дональд Трамп
У нядзелю, 11 верасня, Аляксандр Лукашэнка пасля галасавання на выбарчым участку ў Мінску выказаўся пра амерыканскія прэзідэнцкія выбары. Ён лічыць, што амерыканскае грамадства не гатовае выбраць кіраўніком краіны жанчыну, "нават такую вопытную, як Клінтан". Паводле слоў Лукашэнкі, людзі будуць сумнявацца, ці зможа яна "кіраваць такім вялізным ваенным патэнцыялам, спецслужбамі, ЦРУ", інфармуе БЕЛТА.
Кіраўнік Беларусі адзначыў "вельмі моцныя пазіцыі" кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа. І ён не выключае, што менавіта ён "можа стаць прэзідэнтам". Пра гэта сведчыць дынаміка апошніх месяцаў, калі Трамп па рэйтынгу стаў апярэджваць Хілары Клінтан.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі падобная сітуацыя. У нас таксама "шмат таленавітых жанчын, але нашае грамадства не гатовае абраць жанчыну ў сілу паўнамоцьваў прэзідэнта". "Калі б у нас быў дэкаратыўны прэзідэнт — проста сустракае-праважае — мы знайшлі б прыгажуню-жанчыну і падтрымалі, абралі прэзідэнтам", — сказаў кіраўнік дзяржавы.