Лукашэнка: "Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе"
21 красавіка падчас паездкі ў Бабруйск на прадпрыемства "Славянка" Аляксандр Лукашэнка назваў "глупствам несусветным", калі дзяцей прымушаюць насіць у школах ахоўныя маскі.
"Нельга дзецям гэтыя маскі надзяваць, асабліва ў школе, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Такога патрабавання не было. І калі дзесьці гэта ёсць, тыя, хто гэта ўвёў, адкажуць. Вы лепш акно адкрыйце, праветрыце, каб было свежа".
Кіраўнік дзяржавы дапускае, што найхутчэй гэта нейкая "самадзейнасць", а Міністэрства адукацыі і кіраўнікі абласцей пытанне не пракантралявалі і за гэта адкажуць. Лукашэнка перакананы, што тыя, хто прымушае школьнікаў насіць ахоўныя маскі ці карыстацца "гаручымі антысептыкамі на этаноле", рассаджвае дзяцей па ўсім класе, каб была пэўная дыстанцыя, займаюцца ашуканствам і паказухай.
Як паведамляла Еўрарадыё, у першы дзень пасля канікул, па звестках Мінадукацыі, у школы пайшлі 30-40 адсоткаў дзяцей. "Масачны рэжым" не ўводзіўся. Выкарыстанне масак мела "рэкамендацыйны характар".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.