Лукашэнка пацікавіўся "справай Коржыча" і смерцю дзіцяці ў Ганцавічах
Расследаванне смерці двухмесячнага хлопчыка ў Ганцавічах пасля прышчэпкі возьме пад асабісты кантроль старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Такое даручэнне даў яму сёння Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы даклад, перадае БЕЛТА.
Наскевіч паведаміў, што следчыя вывучаюць акалічнасці закупкі вакцыны, пасля якой памёр хлопчык, яе з'яўлення на тэрыторыі Беларусі і ўжывання. Кіраўнік Следчага камітэта паабяцаў паведаміць у СМІ пра вынікі гэтай праверкі.
Пакуль жа рабіць нейкія высновы заўчасна, кажа ён. Эксперты не далі яшчэ нават заключэння пра дакладную прычыну смерці, таму гаворку пра анафілактычны шок можна весці толькі як пра меркаванне.
Наскевіч паведаміў, што на кантролі ў кіраўніка Беларусі знаходзяцца яшчэ некалькі рэзанансных спраў, у прыватнасці — справа гібелі шарагоўца Аляксандра Коржыча. Суд па гэтай справе акурат цяпер ідзе ў Мінску.
Акрамя таго, Наскевіч далажыў Лукашэнку аб расследаванні карупцыйных спраў і забойстваў мінулых гадоў.