Лукашэнка — пра новы псіхоз, камбінацыю лекаў і абяцанне, што "ніхто не памрэ"
13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заклікаў пацыентаў са станоўчым тэстам на COVID-19 не апускаць рукі. Ён правёў нараду з удзелам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергяенкі.
"Няхай нават не перажываюць, — гаварыў Лукашэнка. — Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю. Публічна! Гэта маё цвёрдае перакананне, зыходзячы з аналізу не толькі мінулых гадоў... У нас ужо досвед гэтага года ёсць".
Па словах кіраўніка дзяржавы, вопыт назірання за працяканнем хвароб беларускі, кітайскі, амерыканскі, еўрапейскі падказвае, "як працаваць". "Мы ўжо знайшлі камбінацыі гэтых лекаў, каб ратаваць людзей, — працягвае Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы за кожнага чалавека будзем не бароцца, а змагацца. І калі гэты чалавек не апусціў рукі, ён абавязкова выздаравее".
А калі скончыцца "перыяд хваробаў", Лукашэнка збіраецца паставіць на парадак дня пытанне "пра лад нашага жыцця". Беларусы павінны "харчавацца нармальна", лічыць ён.
"Я назіраю новы псіхоз, "часночна-імбірны"... Не трэба цалкам пераходзіць на часнок і цыбулю!", — заклікае кіраўнік дзяржавы. Ён раіць суайчыннікам харчавацца найперш тым, што расце ў нашай краіне.
У Беларусі на раніцу 13 красавіка зарэгістравана 2919 выпадкаў COVID-19, памерлі яшчэ тры чалавекі, колькасць ахвяр вырасла да 29.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.