Лукашэнка: кажуць, што вірус усё ж такі аслабеў, але я не такі аптымістычны
25 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра стабілізацыю сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. Ён правёў нараду, на якой прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка, кіраўнік справамі прэзідэнта Віктар Шэйман, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Па словах Лукашэнкі, калі "далей так пойдзе, то будзем лічыць, што мы саўладалі з божай дапамогай з гэтым захворваннем", паведамляе БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што "пачалося гэта з Віцебска", але цяпер "яны знізу па захворвальнасці". У Мінску аналагічная сітуацыя і шэраг лячэбных устаноў у бліжэйшы час пачнуць "вяртаць да звычайнай працы", сцвярджае кіраўнік дзяржавы.
"У прынцыпе, мы адчуваем, што нам ужо не спатрэбяцца гэтыя бальніцы ў Мінску [для лячэння людзей з COVID-19]... На плато ўжо знаходзімся, па заявах лекараў, — гаварыў на нарадзе Лукашэнка. — Я, праўда, не так аптымістычны з-за сваіх забабонаў".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў зніжэнне выпадкаў заражэння каранавірусам у Мінскай вобласці, "някепскую сітуацыю" на Магілёўшчыне. "Калі так, то ў нас застануцца толькі дзве вобласці — Брэсцкая і Гомельская, — якія мы павінны кантраляваць, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Яны пазней за ўсіх увайшлі ў гэты працэс, і спецыялісты кажуць, што яны пазней за ўсіх і выйдуць, дзесьці на тыдзень".
Лукашэнка падкрэсліў, што ў бальніцах дастаткова месцаў для пацыентаў, а цяжкіх хворых стала менш. Ён нават дапускае, што "вірус усё ж такі аслабеў". Пры гэтым заклікае не расслабляцца і рыхтавацца да магчымай другой хвалі каранавіруса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.