Лукашэнка прапанаваў журналісту ВВС узяць на парукі палітвязняў

Стыў Розэнберг / скыншот з анлайн-трансляцыі
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў журналісту ВВС Стыву Розэнбергу паручыцца за беларускіх палітвязняў.
Розэнберг задаў пытанне аб тым, як можна назваць дэмакратычнымі выбары ў краіне, дзе апаненты рэжыму знаходзяцца або ў выгнанні, або ў зняволенні. Пасля доўгага шматслоўнага адказу Лукашэнка прапанаваў Розэнбергу паручыцца за кагосьці са зняволеных.
"Калі ты лабіруеш і за кагосьці там выступаеш, то, ну, у нас гэта не забаронена. Калі ты на парукі кагосьці бярэш і Тур там у камісіі прыме рашэнне, што можна табе пайсці насустрач, то мы разгледзім гэтае пытанне", — сказаў Лукашэнка.
Як працуе інстытут паручальніцтва?
У Беларусі да хадайніцтва аб памілаванні зняволенага могуць прыкладацца асабістыя паручальніцтвы па форме, вызначанай Міністэрствам унутраных спраў. Мяркуецца, што ў іх асобы, вартыя даверу, гарантуюць, што на волі памілаваны не зробіць новага злачынства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.