Лукашэнка прапанаваў Зяленскаму сумесна будаваць ракеты
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Уладзіміру Зяленскаму сумесна будаваць ракеты. Сустрэча беларускага кіраўніка і ўкраінскага прэзідэнта ў Жытоміры ў вузкім складзе працягвалася дзве з паловай гадзіны. Пасля яна адбывалася ў пашыраным складзе. Сярод іншага абмяркоўваліся пытанні беларуска-украінскіх адносінаў.
Як інфармуе БЕЛТА, Лукашэнка прапанаваў ствараць сумесныя прадпрыемствы і супрацоўнічаць у ракетабудаванні. "Гэта не таму, што бразгаем зброяй, — тлумачыў беларускі кіраўнік. — Мы вельмі шмат цяпер працуем над развіццём галіны ракетабудавання ў Беларусі. У нас не было такой вытворчасці, а ў вас [ва Украіне] яна ёсць. Мы вельмі зацікаўлены, каб вы нам у гэтым дапамаглі... Калі вы дапаможаце, мы свой праект рэалізуем, ужо сумесны, за паўтара-два гады. Калі не, то 4-5 гадоў. І грошай менш трэба будзе".
Пытанне па стварэнні сумесных прадпрыемстваў прыме міжурадавая камісія, якая збярэцца ў Кіеве. Гаворка ішла пра супрацоўніцтва ў нафтаперапрацоўцы і пастаўках нафты.
Лукашэнка і Зяленскі паразмаўлялі і на тэму мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Украінскі прэзідэнт падзякаваў за перамоўную пляцоўку ў Мінску.
"І ў Усходам [Украіны] будзе ўсё нармальна, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Тая настойлівасць, якую дэманструе цяперашні прэзідэнт па заканчэнні вайны, упэўнены, скончыцца поспехам... Мы гатовы разам нешта зрабіць для таго, каб Украіна была адзінай, цэласнай, магутнай...".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.