Лукашэнка прызначыў міністра лясной гаспадаркі і галоўнага ідэолага
5 красавіка Аляксандр Лукашэнка прыняў шэраг важных кадравых рашэнняў. Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта прызначаны 50-гадовы Уладзімір Жэўняк. Ён — ураджэнец Хойнікаў, 17 гадоў пасля заканчэння Навасібірскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні служыў у войску. Скончыў БДУ, працаваў у Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, з 2014-га — намеснікам дырэктара. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу зрабіць ідэалагічную працу ў краіне больш сучаснай. Можна меркаваць, што Жэўняк будзе адказваць у тым ліку і за ідэалогію.
Міністрам лясной гаспадаркі прызначаны 40-гадовы Віталь Дрожжа. Ён — ураджэнец Карэлічаў, скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, пасля — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Пяць гадоў кіраваў Бабруйскім лясгасам, у апошнія гады быў гендырэктарам Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. Лукашэнка запатрабаваў “дзяржаўнага падыходу” ў сферы лясной гаспадаркі. Як інфармавала Еўрарадыё, у лютым Аляксандр Лукашэнка звольніў “за непрыняцце дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях” міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча.
Гендырэктарам БЕЛТА стала сенатар Ірына Акуловіч (1974 года нараджэння, ураджэнка Магілёва), якая дагэтуль працавала дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтра “Тэлерадыёкампанія “Магілёў”. Раней БЕЛТА ачольваў Дзмітрый Жук, які быў прызначаны галоўным рэдактарам газеты “СБ. Беларусь сегодня”.