Лукашэнка пытаецца ў чыноўнікаў, чаму праваленыя задачы на першы квартал 2016 г.
Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка прымае справаздачу пра вынікі развіцця краіны ў першым квартале года і меры па павышэнні эфектыўнасці эканомікі. Ён запатрабаваў ад вышэйшых службовых асоб эфектыўнага вырашаць задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.
"Матрыца задач для вертыкалі ўлады ў мяне на стале. Чырвоным колерам пазначана тое, што не выканана. Сіні колер — поспехі ў выкананні планавых заданняў. Гэтая матрыца ў цэлым у чырвоным колеры. Хацелася б пачуць тлумачэнні ў сувязі з гэтым. У кожнага перад вачыма павінен ляжаць план развіцця на гэты год. Таму дакладзіце, як ён выкананы. Калі дрэнна, то чаму", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка лічыць, што адказнасць за праблемы павінны несці не толькі ўрад і кіраўнікі абласцей, але і вышэйшыя службовыя асобы, якія маюць адпаведныя шырокія паўнамоцтвы і статус. Калі не будзе станоўчай дынамікі, то кіраўнік дзяржавы прыгразіў адстаўкамі. "У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі. Калі не, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца. Таму збірайцеся разам і дзейнічайце. Калі хто-небудзь штосьці не цягне, уносьце неадкладна прапановы. Схавацца за спіну каго б там ні было не атрымаецца", — перадае БЕЛТА яго словы.
Палітычным штабам па кантролі за працай дзяржаўных структур Лукашэнка назваў Адміністрацыю прэзідэнта.
Стратэгія развіцця Беларусі, па яго словах, будзе абмяркоўвацца ў Пасланні прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, а таксама на Усебеларускім народным сходзе.