Лукашэнка сказаў Аліеву пра "фэйкавыя інфармацыі"
У панядзелак у Палацы Незалежнасці ў Мінску праходзяць перамовы кіраўнікоў Беларусі і Азербайджана. Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў абмяркоўваюць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, інвестыцыйныя праекты, "актуальную міжнародную праблематыку".
У Беларусь Аліеў прыляцеў увечары 18 лістапада. У Нацыянальным аэрапорце Мінск яго сустракаў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы.
"Беларусь вас чакала, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Вельмі шмат было інфармацый пра афіцыйны візіт. Прытым, як вы ведаеце, прычыны розныя былі для гэтага. Часам і фэйкавыя. Хаця гэта таксама вынік. Нават негатыўная нейкая інфармацыя, якая не адпавядае сапраўднасці, яна таксама часам станоўчая".
Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што ў нашай краіне Азербайджан успрымаецца як вельмі сяброўская, брацкая краіна.
"Мы жылі ў адной дзяржаве, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы з вамі вельмі блізкія людзі. Карані нашы сыходзяць у савецкі перыяд. Напэўна, і 10-15 пакаленняў назад нашы суайчыннікі з вашымі мелі добрыя адносіны".
Пра агульную гісторыю гаварыў і прэзідэнт Азербайджана. "Упэўнены, што мы сёння прымем важныя рашэнні", — адзначыў Аліеў.