Лукашэнка: У Оршы не рабілі амаль нічога. Качанава: Выканалі 87 з 126 даручэнняў
На сённяшнім пасяджэнні ў Оршы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мясцовыя кіраўнікі не выканалі яго даручэнні па тым, каб узняць прамысловасць у рэгіёне.
"Па ўсіх напрамках былі прынятыя мною рашэнні. Яны сістэматызаваныя, даведзеныя да выканаўцаў. Не зроблена практычна нічога, нягледзячы на напамін мною і папярэджанні на самых высокіх узроўнях, пачынаючы ад Паслання беларускаму народу і парламенту", — прыводзіць БелТА словы кіраўніка дзяржавы.
А вось кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава прывяла зусім іншыя лічбы. "На кантролі ў Адміністрацыі знаходзяцца 126 даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія датычацца развіцця Аршанскага раёна. Сёння з іх выканана 87, не выканана 32, або 24,3% — кожнае чацвёртае", — заявіла яна.
Дарэчы, 87 выкананых даручэнняў складае 69% ад іх агульнай колькасці.
Да таго ж, 87 і 32 у суме даюць 119. Куды падзеліся яшчэ сем даручэнняў і лічацца яны выкананымі ці нявыкананымі, чыноўніца не патлумачыла.