Лукашэнка будзе мяняць урад за "пафігічнае стаўленне" да сваіх даручэнняў
На пасяджэнні ў Оршы 14 жніўня Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў.
Паводле інфармацыі БЕЛТА, на віцэ-прэм'ера Васіля Жарко (былога міністра аховы здароўя) кіраўнік дзяржавы накінуўся за недапрацоўкі ў сферы аховы здароўя. "Чаму ў вас карупцыянер на карупцыянеры сядзіць і карупцыянерам паганяе, а тут вы не паспелі? У Гомелі вы не паспелі, тут вы не паспелі", — абурыўся Лукашэнка.
Ён згадаў беспарадак, пабачаны на аршанскіх прадпрыемствах напярэдадні. У сувязі з гэтым ён абвясціў строгую вымову кіраўніку Віцебскай вобласці Шарстнёву "за агіднае безадказнае стаўленне да даручанай справы".
Таксама Лукашэнка запатрабаваў неадкладна адправіць у адстаўку міністра прамысловасці Ваўка, міністра архітэктуры і будаўніцтва Чорнага. Старшыні Дзяржкамваенпрама Дзвігалёву і дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Засю ён абвясціў поўную службовую неадпаведнасць. "Не паправяць да восені справу, не даложаць мне па кожным прадпрыемстве, пойдуць туды ж. Усіх астатніх адказных і іншых я проста папярэджваю", — прыгразіў беларускі кіраўнік.
Паведамляецца, што на пасаду кіраўніка Аршаншычны замест Аляксандра Пазняка (якога Лукашэнка загадаў зняць) вылучаны старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Ігар Ісачанка.
Раней паведамлялася, што Лукашэнка абвінаваціў урад у "пафігічным стаўленні" да свах даручэнняў.
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што прыедзе праверыць Оршу да 7 лістапада. Тады ж тут плануецца правесці нараду па ільногадоўлі.