Лукашэнка выказаўся пра палітвязня Анджэя Пачобута
Анджэй Пачобут на судзе
Афіцыйная Варшава адмовілася весці перамовы пра выдачу палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас наведвання Мінскага гарадскога тэхнапарка.
"Што датычыцца Пачобута, тут нават няма пра што размаўляць. Яны (Польшча) адмовіліся ад Пачобута. Польскі бок адмовіўся нават весці размовы пра Пачобута. Наколькі мне паведамляюць, сам Пачобут таксама не жадае туды ехаць", — перадаюць словы Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ.
"Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё, ён павінен вызваліць яго з турмы, — кажа ў каментары "Зеркалу" прэс-сакратар польскага МЗС Павел Уронскі. — Анджэй Пачобут — горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён павінен быць вольным чалавекам у вольнай краіне і жыць там, дзе сам жадае".
Між тым польскі бок неаднаразова называў вызваленне Пачобута адной з галоўных умоваў для адкрыцця памежных пераходаў паміж Польшчай і Беларуссю.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па "справе палякаў". У лютым 2023 года яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі. На сёння ён адзіны чалавек, які застаецца за кратамі па гэтай справе.
У віну Пачобуту паставілі артыкулы пра польскую меншасць у Беларусі і беларускія пратэсты 2020 года. Таксама яго абвінавацілі за артыкулы, у якіх ён называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе.
Пачобут адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі №1. Інфармацыі пра яго няшмат. Было вядома, што апошнім часам яго трымалі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.