Лукашэнка выклікаў з дакладам Караніка, Сергеенку і Качанаву
13 красавіка Аляксандр Лукашэнка выклікаў з дакладам міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенку і старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Качанаву. У Палацы Незалежнасці будзе абмяркоўвацца сітуацыя з каранавірусам і ў сферы аховы здароўя. Як паведамляе тэлеграм-канал Пул Першага, Каранік і Качанава, на даручэнне кіраўніка дзяржавы, у канцы тыдня ездзілі па бальніцах, знаёміліся з сітуацыяй і размаўлялі з лекарамі.
Сергеенка збірае інфармацыю з усёй краіны пра сітуацыю з COVID-19, пастаянна падтрымлівае сувязь з кіраўнікамі абласцей. Як вядома, пры Адміністрацыі прэзідэнта дзейнічае спецыяльна створаны штаб, які займаецца аналітыкай і мае каардынацыйныя функцыі.
На раніцу нядзелі ў Беларусі налічвалася 2578 выпадкаў заражэння каранавірусам, ачунялі 203 чалавекі, памерлі 26. Мяркуецца, што пік захворванняў будзе ў канцы красавіка — у пачатку траўня. Магчыма, у Лукашэнкі будзе прымацца нейкае рашэнне па мерах супрацьдзеяння распаўсюду COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.