Лукашэнка зацвердзіў меры падтрымкі беларускай эканомікі

Лукашэнка зацвердзіў меры падтрымкі беларускай эканомікі

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў меры падтрымкі беларускай эканомікі, паведамляе БЕЛТА. Адпаведны ўказ № 143 кіраўнік дзяржавы падпісаў 24 красавіка. З яго вынікае, што дапамогу атрымаюць асобныя галіны эканомікі, якія з-за сітуацыі з распаўсюдам каранавіруса аказаліся ў найбольш уразлівым стане.

Частка новаўвядзенняў датычыць сферы падаткаабкладання. Напрыклад, даецца адтэрміноўка і растэрміноўка выплаты падатковых крэдытаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі атрымліваюць магчымасць пераходу на іншыя рэжымы падаткаабкладання, а таксама пераразліку адзінага падатку з-за таго, што часова не працуюць. Дакумент уводзіць арэндныя канікулы, мараторый на павелічэнне базавай арэнднай велічыні, а таксама арэнднай платы. Права змяншаць маёмасныя падаткі атрымалі мясцовыя органы ўлады.

Юрыдычныя асобы і ІП, якія з'яўляюцца ўласнікамі маёмасці, атрымалі рэкамендацыю даваць арандатарам адтэрміноўку па аплаце арэнднай платы. Ім рэкамендуецца і змяншаць яе памер з улікам аб'ёму выручкі арандатараў.

Новаўвядзенні таксама адбыліся ў сферах кантрольнай дзейнасці, працоўных адносін. Напрыклад, "у мэтах захавання занятасці і павелічэння працоўнай мабільнасці" скарачаецца мінімальны тэрмін папярэджання работнікаў аб змене наймальнікам істотных умоў працы. Прадугледжаны і меры сацыяльнай падтрымкі. Напрыклад, будзе выплочвацца дапамога па часовай непрацаздольнасці тым грамадзянам, якія даглядаюць дзіця ва ўзросце да 10 гадоў, якое наведвае дашкольную ці ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, калі яно адносіцца да кантактаў 1-га або 2-га ўзроўню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі