Лукашэнка — пра падтрымку малога бізнесу: "Ніхто нікому нічога не дасць"
На нарадзе, якая ў чацвер праходзіць у Палацы Незалежнасці ў Мінску, гаворка зайшла пра неабходнасць забеспячэння ўстойлівай працы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах барацьбы з распаўсюдам каранавіруса. Урад прапанаваў пакет мер падтрымкі галін эканомікі, якія могуць найбольш пацярпець ад замаруджвання эканамічнай актыўнасці і падзення попыту. Гэта і пытанні падаткаабкладання, і арэндных, працоўных адносін, і "шэраг адчувальных сацыяльных аспектаў".
"Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць губернатары, яны гэтага патрабавалі, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Яны кажуць: мы самі разбярэмся — ці краму падтрымаць, хімвалакно, ці нейкае дывановае прадпрыемства".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кіраўнікі абласцей маюць рацыю ў гэтым пытанні. Ён таксама лічыць, што трэба стымуляваць людзей і асабліва малы бізнес да працы.
"Каб тыя ж рэстараны везлі абеды на прадпрыемствы, не падвышаючы кошты, дахаты да людзей: мы ж папрасілі сталых людзей сядзець дома, а іх трэба накарміць... многія сем'і, якія самаізаляваліся", — гаварыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, "многія рэстараны" так і робяць, але "некаторыя сядзяць, склаўшы рукі, і чакаюць, што ім хтосьці штосьці дасць". Далей Аляксандр Лукашэнка гаварыў вельмі эмацыйна.
"Ніхто нікому нічога не дасць, — працягваў беларускі кіраўнік. — А калі хтосьці хоча, каб яму далі, няхай скажа: дзе гэта ўзяць?".
Лукашэнка заявіў, што не хоча забіраць грошы ў людзей, "якія напружваюцца, і аддаваць тым, хто сёння гультаюе". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "гэтага не будзе".
Цяжка сказаць, ці азначаюць яго гэтыя словы, што малы бізнес не можа спадзявацца на падтрымку дзяржавы ва ўмовах пандэміі каранавіруса, ці гэта толькі эмоцыі-рэакцыя на нейкія факты. Раней аб'яднанне "Перспектыва" заяўляла, што беларускіх ІП чакае катастрофа, калі не будзе падтрымкі з боку дзяржавы, як адбываецца ў іншых краінах свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.