Лукашэнка заклікае “рэанімаваць” праграмы навучання для школ і ВНУ
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што праграмы навучання для школ і ВНУ трэба “рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд”. Пра гэта кіраўнік краіны заявіў падчас узгаднення прызначэння новага рэктара Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве Міхаіла Лусцянкова.
“У нас часам ужо ў восьмым-дзвявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур’ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністр”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт існуе з 1998 года. Раней ён быў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытутам. Цягам 20 гадоў рэктарам навучальнай установы быў Ігар Сазонаў. Цяпер гэтую пасаду заняў Міхаіл Лусцянкоў, які быў прарэктарам. Новаму кіраўніку ВНУ 44 гады, ён мае ступень доктара тэхнічных навук.
Падчас узгаднення яго прызначэння, Лукашэнка пацікавіўся, як наладжаныя навучальныя працэсы ў Беларуска-Расійскім універсітэце. Сярод іншага, ён пацікавіўся, чым адрозніваецца падрыхтоўка бакалаўраў і магістрантаў у Беларус і Расіі. Лусцянкоў патлумачыў, што ў Расіі бакалаўрыят разглядаецца як першая ступень вышэйшай адукацыі, а магістратура стала другой. Такі падыход, на яго думку, нерацыянальны, бо выдаткоўваецца болей часу на падрыхтоўку спецыяліста: бакалаўр там падрыхтаваны на ўзроўні тэхнікума. А ў БРУ магістратуру разглядаюць як падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Лукашэнка ўвахваліў такі падыход і падкрэсліў, што менавіта па такім прынцыпе і павінны рыхтаваць магістрантаў у беларускіх ВНУ:
“Глядзіце, калі ні ў якім разе мы не запазычвалі вось гэты досвед, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць. У магістратуру павінны ісці выключна людзі, якія будуць займацца навукай і выгладаннем. Усіх туды цугам пасылаць не трэба. Добра, мы прысвоім званне бакалаўра пасля заканчэння ВНУ, каб дыпломы пасавалі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй”, — сказаў Лукашэнка.
На думку кіраўніка краіны, нярэдкія выпадкі, калі маладыя людзі паступаюць у магістратуру без асаблівых на тое прычынаў. “І не дай бог мы праверым, і гэта пацвердзіцца. Там павінна быць асаблівая праграма. І гэта таксама трэба праверыць: якія праграмы ў магістратуры. У некаторых ВНУ — я ўжо атрымаў інфармацыю і займаюся гэтым — нейкая шліфоўка старой праграмы, якую яны прайшлі ў ВНУ. То бок цэлы год ідзе паўтарэнне таго, што яны ўжо вывучалі. У найлепшым выпадку паглыбленае паўтарэнне. Гэтага быць не павінна. Павінна быць асабліва праграма ў кожнай ВНУ, нацэленая на падрыхтоўку спецыялістаў высокай кваліфікацыі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем”, — сказаў Лукашэнка.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 15.01: