Маці і брата дзяўчыны з БЧБ-парасонам таксама арыштавалі
56-гадовую Таццяну Міхайлаву, маці Юліі Міхайлавай (дзяўчыны з БЧБ-парасонам), арыштавалі на 5 сутак. Нібыта за тое, што яна адмовілася ехаць з міліцыянерамі ў РУУС, "упіралася і хапалася за форменнае абмундзіраванне", паведамляе тг-канал @viasnanazirae.
Мінская міліцыя паведаміла пра затрыманне ўдзельніц прагулкі па Мінску 6 красавіка з БЧБ-парасонамі ў сераду ўвечары. Адзначалася, што частка затрыманых — члены шматдзетнай сям'і, якая жыве ў прыватным доме пад Мінскам. Гэта якраз былі Міхайлавы. 8 красавіка іх судзілі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Спачатку суддзя Вікторыя Шабуня адправіла на 25 сутак за краты 30-гадовую Юлію Міхайлаву — за "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства" (так назвалі прагулку з парасонамі).
Таццяна Міхайлава — шматдзетная маці, у яе сямёра паўналетніх дзяцей. У жанчыны дыягнаставаны фіброз лёгкіх, а з-за адкрытай форткі ў камеры ў яе пачалася задышка. Перад працэсам сусед Міхайлавых заявіў, што асабіста бачыў момант затрымання і адмаўляў "непадпарадкаванне". Суддзя Карсюк усё роўна асудзіў Міхайлаву на арышт.
27-гадовага Пятра Міхайлава, брата дзяўчыны з БЧБ-парасонам, арыштавалі на 6 сутак за "непадпарадкаванне" ўжо на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС. Пётр сваю віну не прызнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.