Маці: Школа існуе, відаць, толькі каб заняць час чалавека
Маці траіх дзяцей Надзея Разумік тлумачыць, чаму вырашыла навучаць сваю дачку дома сама, не прымушаючы хадзіць у школу.
З’ява хоўмскулінгу не вельмі распаўсюджаная ў нашай краіне, аднак некаторыя беларускія бацькі ўсё ж вырашаюць адмовіцца ад настаўнікаў і навучаюць сваіх дзяцей самі дома.
Еўрарадыё: Вашае дзіця, мабыць, не ведае, што такое “1 верасня” ды не баіцца гэтага дня так, як іншыя...
Надзея Разумік: Не ведаю, ці баяцца іншыя... Я, калі вучылася ў школе, чакала гэтага дня. У старэйшых класах было цікава пабачыцца з аднакласнікамі. Мая ж дачка ведае, што з восені пачынаецца вучоба па падручніках, якія мы атрымліваем у школе. Нельга сказаць, што яна не вучыцца ў школе – яна навучаецца паводле індывідуальнага плану.
Еўрарадыё: То бок здае экзамены экстэрнам?
Надзея Разумік: Так. Хоць, на маю думку, частавата хадзіць у школу кожную чвэрць, але мы ходзім, калі ўжо нашае беларускае заканадаўства прапануе такую форму навучання. Я ведаю, што ў некаторых краінах раз на год гэтыя іспыты. Першага верасня для нас існуе ў тым плане, што мы таксама вучымся, але для нас гэты дзень не мае такога “рамачнага” характару.
Еўрарадыё: А чаму з’явілася такая ідэя – выхоўваць дзяцей дома?
Надзея Разумік: Мы не адразу прыйшлі да такога рашэння, бо першы клас дачка пайшла ў школу, але ёй там не спадабалася. Яна сказала мне: “Я не хачу хадзіць туды”. Я прыслухалася да гэтага, тым больш, што мела прыклады ў маіх знаёмых, якія займаліся з дзецьмі дома. Ды і мне было прасцей, бо меншыя дзеці пры мне, муж не заўсёды дома, і мне цяжка было штодзень дастаўляць дачку ў школу, забіраць, калі на руках зусім малыя дзеці. Кожны мае свае матывы, але я зрабіла так збольшага з-за жадання дачкі.
Еўрарадыё: Вы самі займаецеся з дзіцём ці запрашаеце рэпетытараў па некаторых прадметах?
Надзея Разумік: Якія рэпетытары ў пачатковай школе? Не трэба нейкіх суперведаў, калі пад рукою падручнікі, каб нешта расказаць дзіцяці па матэматыцы ці яшчэ па нейкім прадмеце. Рускую мову я сама вельмі добра ведаю. Што ж да матэматыкі – я разам з дачкой больш даведалася. Нічога там складанага няма.
Еўрарадыё: Ці не баіцеся вы, што вашай дачцэ не хапае стасункаў з людзьмі?
Надзея Разумік: Зноў пытанне, “ці не баіцеся вы”... (Усміхаецца.) Ці будзе недахоп стасункаў, ці будзе “перахоп” стасункаў... Я чалавек вельмі гаваркі і камунікабельны. Мне здаецца, што ў мяне “перахоп” стасункаў. Я ведаю, што дзеці будуюць свае стасункі, назіраючы за бацькамі, і на дадзены момант я ні ў якім разе не скажу, што маё дзіця мае недахоп у стасунках з іншымі. Па-першае, яна ў сям’і, у якой апроч яе ёсць іншыя дзеці. Па-другое, у яе ёсць сяброўкі. Калісьці я працавала на фабрыцы, і ў мяне столькі было стасункаў, што я прыходзіла дамоў і ў мяне не было ані сіл, ані часу на сапраўдныя дачыненні з людзьмі. Таму, можа, нам і не трэба столькі кантактаў, колькі мы маем на сёння. Марцін Хайдэгер казаў некалі, што маючы нейкі клопат, мы не заўжды бачым чалавека за стасункамі з ім.
Еўрарадыё: Навучанне дзіцяці дома – гэта спроба неяк індывідуальна выхаваць дзіця ці проста кепскія ўспаміны бацькоў аб школе?
Надзея Разумік: Нельга сказаць адназначна. Я скончыла школу з залатым медалём, але добра, што ёсць нейкая альтэрнатыва класічнай школе. Бываюць магчымасці яшчэ большыя за тыя, якія маю я ды мае дзеці. Навучанне дома – гэта тая ж самая школа, па тых жа самых падручніках, і тут няма нічога рэвалюцыйнага. Школа – гэта форма, у якой мы даносім да дзіцяці пэўны аб’ём ведаў. Так? Тут гэта робіць маці. А ёсць іншая форма – outschooling – калі няма ніякага навучання: дзіця жыве, гадуецца і згодна з яго патрэбамі бацькі падбіраюць яму нейкія веды. Гэта рэвалюцыя! Але да такой ступені ўнутранай свабоды трэба дайсці, каб пайсці на гэта! Цяпер школа, відаць, існуе як бы толькі для таго, каб заняць час чалавека. Можа, гэтая думка выкліча адмоўныя рэакцыі, але, насамрэч, хто памятае тую табліцу Мендзялеева, калі не працуе хімікам? Нават і на нейкім хімкамбінаце шмат хто яе не ведае. Калі казаць пра такі спосаб адукацыі, як пра сацыяльную плынь, то я думаю, што ніколі шмат людзей не будзе да яе належаць. Гэта патрабуе ад чалавека шмат абмежаванняў. Што ж да спосабаў выхавання – я думаю, што не трэба рабіць са свайго дзіцяці “знамя перабудовы”. Не трэба сваім дзіцём праломліваць сістэму.
Еўрарадыё: Ці трэба атрымліваць нейкі спецыяльны дазвол на навучанне дзяцей дома?
Надзея..
Надзея Разумік: Трэба. У законе аб адукацыі ёсць нейкая вельмі цьмяная фармулёўка, што трэба прадставіць прычыну, чаму вы хочаце вучыць дзіця дома: адоранасць дзіцяці або нейкія іншыя прычыны, праз якія яно не можа вучыцца паводле агульнай праграмы.
Фота: eduukacja.gazeta.pl