Магілёўца пакуль не будуць караць за ўлёткі супраць расійскіх ваенных баз
Справу Юрыя Новікава, які змагаўся супраць вайсковых баз у Беларусі, адправілі на дапрацоўку. Актывіст спадзяецца, што працягу суда не будзе.
Старшыню Каардынацынай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Юрыя Новікава затрымалі вечарам 8 верасня. У гэты дзень ён разам з іншымі прадстаўнікамі дэмакратычных сіл на вуліцы Ленінскай праводзіў збор подпісаў грамадзян пад зваротам “Не ваенным базам на беларускай зямлі”. Пасля акцыі яго затрымалі міліцыянты. Іншых удзельнікаў акцыі міліцыя не кранала, распавядае Юрый Новікаў:
“Калі мы збіралі подпісы, нас ніхто не чапаў, хоць міліцыянты стаялі побач у арцы дома і назіралі за намі. Пасля таго, як скончыўся збор подпісаў, удзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца. Я паразмаўляў са знаёмым і пайшоў да сваёй машыны, аднак раптам з’явіліся міліцыянты і мяне затрымалі”.
Лідар магілёўскай кааліцыі дэмакратычных сіл кажа, што міліцыянты не ведалі, за што яго затрымліваць, ці то за збор подпісаў, ці то за распаўсюджанне улётак, якія Юрый Новікаў толькі паказваў гараджанам для азнаямлення, каб атрымаць іх подпісы.
У выніку, для разбіральніцтва прыехаў міліцыянт у чыне маёра, які загадаў адвезці актывіста ў пастарунак. Там на Юрыя склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за распаўсюджанне улётак, якіх пры затрыманні ў яго было ўсяго 7 штук, расказвае актывіст:
“Калі мы прыехалі ў пастарунак, то там не аказалася ні “Закона “Аб сродках масавай інфармацыі””, у парушэнні якога міліцыянты мяне вінавацілі, ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мы размаўлялі з міліцыянтамі на розных мовах. Я спасылаўся на законы, а яны на нейкія загады”.
Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што ў затрыманні не было неабходнасці, бо ніякія законы не былі парушаныя, а ўлётка сама па сабе не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Пратакол жа, на думку праваабаронцы, быў складзены з парушэннямі, бо міліцыянты ўсё рабілі ў спешцы.
11 кастрычніка суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Вольгі Бекушавай пачаў разгляд справы Юрыя Новікава. Выявілася, што выдадзеная актывісту копія пратакола адміністрацыйнага правапарушэння не супадае з арыгіналам. Суддзя прыняла рашэнне вярнуць адміністрацыйную справу на дапрацоўку ў міліцыю, распавёў Барыс Бухель:
“Парушэнні былі зробленыя ў РАЎСе пры складанні пратаколу. Новікаву выдалі копію пратакола, але яна не адпавядае арыгіналу, які быў накіраваны ў суд. Таму суддзя адправіла пратакол на дапрацоўку і разгляд справы па сутнасці не адбыўся. Відавочна, што актывіст ні ў чым не вінаваты і распаўсюджанне улётак не падпадае пад Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Юрый Новікаў і праваабаронца Барыс Бухель спадзяюцца, што справа больш не вернецца ў суд.
Рубрыка “Ты можаш” падрыхтаваная спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.
Фота svaboda.org