Праваабаронца пасадзілі на 12 сутак за барэльеф з "Пагоняй" на прыватным доме
Праваабаронцу "Вясны" Змітра Салаўёва арыштавалі на 12 сутак. Суддзя палічыла пікетам барэльеф з гербам "Пагоня" на яго доме, які існаваў там восем гадоў, піша ТГ-канал "Вясна назірае".
Салаўёва затрымалі 16 лютага, калі па ўсёй краіне праходзілі ператрусы ў журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў прафасюзнага руху. Зранку ў ягоны дом уварваліся супрацоўнікі АМАПу і ГУБАЗіКа. Яны выламалі дзверы, правялі ператрус і канфіскавалі аргтэхніку. На самога Салаўёва склалі пратакол за пікетаванне.
Дарэчы, бетонны барэльеф з "Пагоняй" быў убудаваны ў дом пры будаўніцтве восем гадоў таму.
Суддзя Мінскага раёна Анжаліка Казлова запытвала ў Салаўёва, ці цікавіцца ён палітычнай сітуацыяй у краіне і ці ведае, што пратэсты праходзяць пад гербам "Пагоня".
Пасля гэтага яна без перапынку абвясціла прысуд — 12 сутак арышту.
Дарэчы, гістарычны герб "Пагоня" ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.