Машэнскі зноў не трапіў у санкцыйны спіс — гэтым разам дзякуючы Венгрыі
Аляксандр Машэнскі / ont.by
Уладальнік "Санта Брэмар" Аляксандр Машэнскі зноў пакуль не трапіў у санкцыйны спіс ЕС, хоць яго кандыдатура абмяркоўвалася.
Абмеркаванне праходзіла ў траўні. У якасці аргументаў гучала тое, што Машэнскі — прыхільнік Лукашэнкі, падтрымлівае яго. Узамен ён атрымлівае магчымасць весці бізнес у краіне. Прозвішча Машэнскага магло аказацца ў шостым пакеце санкцый. Але супраць гэтага раптам выступіла Венгрыя, піша ісландскае выданне stundin.is.
"Вядома, было трохі дзіўна, калі амбасадар Венгрыі заявіў, што венгры не могуць змірыцца з тым, што Машэнскі будзе ў спісе", — расказаў выданню еўрапейскі дыпламат, які ўдзельнічаў у абмеркаванні.
Выданне мяркуе, што Будапешт заступіўся за Машэнскага праз цесныя сувязі з яго памочнікам Сяргеем Нядбайлавым, які з'яўляецца ганаровым консулам Венгрыі. Раней Нядбаўлаў расказваў, як яму дапамагае яго статус. Напрыклад, як ганаровы консул ён удзельнічаў у сустрэчы з бізнесменамі ў Будапешце. Па выніках гэтай сустрэчы быў заключаны дагавор з буйным брытанскім рэтэйлерам Tesco.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.