Massive Attack памірыліся з Трыкі
Удзельнікі Massive Attack аднавілі сяброўскія адносіны са сваім былым калегам, цяпер паспяховым сольным выканаўцам Трыкі (Tricky). Па словах Гранта Маршала, не так даўно ён і Роберт дэль Наджа сустрэліся з Трыкі ў Парыжы і памірыліся.
“Сустрэча атрымалася вельмі пазітыўнай, - рапартуе Маршал. – Падобна на тое , што нашы адносіны выйшлі на новы ўзровень. Усе ведаюць, што калісьці паміж намі былі вялікія трэнні – але час лечыць, і характары змяняюцца. Было прыемна сустрэцца з Трыкі ўпершыню за столькі гадоў”.
Як распавядае ўсё той жа Грант Маршал, музыкі нават прапанавалі Трыкі ўзяць удзел у запісе іх новага альбома “Heligoland” - аднак Трыкі не змог знайсці вольнае “акно” ў сваім графіку ў сувязі з працай. Тым не менш, ён не адмовіўся супрацоўнічаць з Massive Attack у межах іх будучых праектаў.
Нагадаем, што рэліз вышэйузгаданага “Heligoland” запланаваны на 8-га лютага 2010-га года. Гэта пласцінка стане першай студыйнай працай Massive Attack з моманту выпуску “100th Window” у 2003-м годзе. Апошнім жа альбомам гурта з удзелам Трыкі з'яўляецца выдадзены ў далёкім 1994-м лонгплэй “Protection”.
Фота: smilaforum.org.ua