Майдан трымаў аблогу каля 10 гадзін

Вызваліць захопленыя адміністрацыйныя будынкі сілавікі таксама не змаглі. Уладам Украіны ад гэтай начной зачысткі дастаўся толькі папсаваны імідж.

Яшчэ ўвечары 10 снежня з'явілася інфармацыя, што рыхтуецца зачыстка Еўрамайдана. Сілавікі чакалі да 2-й гадзіны ночы. А першай яны падышлі да барыкадаў, а пасля другой да Майдана паехалі самазвалы і "Беркут" пачаў штурм.

Спярша пратэстоўцаў пачалі выціскаць з вуліц. "Беркут" ішоў далей, а за ім так званыя цітушкі разам з камунальнікамі разбіралі барыкады і намёты.

Асноўны Майдан адрэзалі ад мэрыі і Дома прафсаюзаў. Невялікі натоўп амаль прыціснулі да сцэны. "Беркут" узяў Майдан у ачапленне.

Пасля сілавікі пачалі штурм мэрыі і Дома прафсаюзаў. Цікава, што апошні апазіцыя ўзяла ў арэнду, але суд прызнаў яе несапраўднай.

А 4-й раніцы на Майдан пачалі падыходзіць людзі. Пратэстоўцы трымалі пазіцыі ўжо чацвёртую гадзіну. І недзе пачалі "адваёўваць" тэрыторыю — міліцыя часткова адступіла на Інстытуцкай і каля будынка мэрыі. Штурм самога Майдана спынілі. Але ачапленне засталося, усе пад'езды заблакавалі, барыкады разабралі.

Раніцай у сацыяльных сетках пачалі пісаць, што на Майдан цячэ рака з людзей.

Сілавікі адступілі ад Дома прафсаюзаў, але працягвалі штурм мэрыі, калі гэта можна назваць штурмам. З вокнаў іх пачалі паліваць вадой, а ўнізе сабралася некалькі тысяч чалавек, пачаліся сутычкі. У выніку аўтобусы з "Беркутам" з'ехалі ад будынка мэрыі.

Аб 11-й гадзіне аўтобусы з міліцыяй з'ехалі і з Майдана Незалежнасці. Такім чынам Майдан трымаў аблогу каля 10 гадзінаў. Сілавікі адступілі і змаглі адбіць толькі некалькі вуліц і барыкад.

Але ўжо ўдзень актывісты пачалі аднаўляць барыкады і займаць былыя пазіцыі. З Луцка і Львова ў Кіеў выехалі некалькі тысяч чалавек.

У штурме Майдана ўдзельнічалі каля 3 тысяч міліцыянтаў. Сярод іх былі курсанты 3-га курса Харкаўскай акадэміі МУС. МУС Украіны назвала начны штурм "добраўпарадкаваннем тэрыторыі".

Але гэтае "добраўпарадкаванне" асудзілі еўрапейскія краіны, ЗША з агідай прынялі навіну пра штурм.

Падчас штурму былі збітыя і затрыманыя людзі. Некаторых вызвалілі адразу з аўтазакаў, некаторых міліцыя адпусціла пазней. Па медычную дапамогу звярнуліся 30 пацярпелых.

Зараз мірная акцыя пратэсту працягваецца. Акрамя негатыўных водгукаў, украінскім уладам нічога не атрымалася дамагчыся начным штурмам.

Фота: reuters.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі