Майра Мора: Я гатова прасіць, маліць — каб толькі палітвязні выйшлі на волю

Які галоўны аргумент для еўрачыноўнікаў быў на карысць зняцця забароны на ўезд у Еўрасаюз з беларускага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея?


Ужо былі такія прэцэдэнты, калі з дыпламатаў санкцыі здымалі, каб яны на іх не распаўсюджваліся. Таму, што гэта суразмоўцы з боку краіны.




Сённяшняя дыскусія ладзілася з нагоды будучага саміта “Усходняга партнёрства”, што пройдзе 28-29 лістапада ў Вільні. Сустрэча адбываецца пад назвай “Адносіны Беларусі і ЕС: дэжавю напярэдадні лістападаўскага саміта”. Няма апасенняў, што і пасля яго адносіны паміж афіцыйным Мінскам і ЕС застануцца ў тупіку?



Не буду зазіраць наперад. Але з улікам таго, што саміт гэты будзе праходзіць у суседняй Літве, спадзяюся, што тупіка не будзе, а Беларусь будзе ўдзельнічаць у гэтай праграме (“Усходняга партнёрства” Еўрарадыё). Я вельмі спадзяюся на тое, што пэўныя падрыхтоўчыя працы будуць зробленыя. Альбо адбудуцца такія рэчы, якія зробяць магчымым удзел Беларусі ў гэтым саміце на дастаткова высокім узроўні. І пра гэта мы будзем са спадаром Макеем гаварыць.




Вы такім чынам выказваеце спадзеў на тое, што да лістапада сітуацыя з беларускімі палітзняволенымі можа змяніцца ў лепшы бок?




Я вельмі на гэта спадзяюся. Мы лічым, што гэтыя людзі не павінны там знаходзіцца. Асабіста я гатова была б зрабіць усё прасіць, маліць. З адзінай мэтай каб толькі вызваліць людзей з турмы.



Тым не менш, паводле сцвярджэння беларускіх праваабаронцаў, сёння ў Беларусі з’явіўся новы палітвязень атрымаў 1,5 года калоніі Андрэй Гайдукоў…



Трэба яшчэ паглядзець, як гэта сітуацыя будзе развівацца. Яшчэ ёсць магчымасць падаць касацыйную скаргу і перагледзіць прысуд. Я была б вельмі расчараваная, калі б гэты зняволены быў кваліфікаваны як палітзняволены. Гэта тая сітуацыя, якую мы мелі раней: нельга выпускаць на свабоду адных, але адначасова ствараць новых палітзняволеных.



Зараз гучаць словы, што Еўрасаюз і Беларусь пачалі рабіць крокі насустрач: ЕС выкрасліў Макея са спісу неўязных, а ў Мінск прыехаў шведскі дыпламат. Але не амбасадар Часовы павераны ў справах Швецыі ў Беларусі. Наколькі роўныя гэта крокі насустрач?



Гэта прыклад таго, пра што мы размаўлялі з беларускімі дыпламатамі і са спадаром Макеем у прыватнасці: трэба рабіць тое, што можна рабіць. І нават нейкія дробныя крокі альбо супрацоўніцтва ў тых сферах, дзе яно магчыма за гэта трэба трымацца. Гэта так званае крытычнае ўзаемадзеянне. У межах яго мы не спынялі сектаральнае ўзаемадзеянне з абодвух бакоў, мы ажыццяўляем тут праекты агульнай дапамогі альбо супрацоўніцтва дзеля развіцця з Беларуссю з нацыянальнай каардынацыяй, з зацвярджэннем праектаў урадам. І усё каб дзейнічаць, каб звяртацца да насельніцтва Беларусі. Мой прынцып: чым далей і шырэй мы можам пайсці ў народ са сваімі праектамі і сваёй інфармацыяй тым лепш. Трэба рабіць рэчы тыя, якія можна рабіць.




Літва спадзяецца, што за 6 месяцаў свайго старшынства ў ЕС яна зможа нешта значнае зрабіць на шляху наладжвання стасункаў паміж ЕС і Беларуссю. Вы верыце, што такое магчыма?



Калі Літва гатовая працаваць у гэтым накірунку, то гэта можна толькі вітаць. Але рашэнні прымаюцца ўсімі цяпер ужо 28 краінамі Еўрасаюза (1 ліпеня паўнапраўным сябрам ЕС стала Харватыя Еўрарадыё). А ўсе яны хочуць, і гэта першая ўмова, каб не было палітзняволеных. Гэта галоўная перашкода на шляху ўсяго развіцця адносінаў. І я не разумею, чаму гэтую перашкоду трэба так доўга трымаць і не бачыць, што яно перашкаджае нармальнаму развіццю адносінаў. І калі за час літоўскага старшынства Літве, як арганізатару саміту Усходняга партнёрства, удасца да лістапада адыграць значную ролю ва ўрэгуляванні адносінаў, у зняцці самай галоўнай перашкоды на шляху да ўрэгулявання адносінаў, то гэта будзе толькі вітацца.



Можа ўжо ёсць знакі з беларускага боку, што нехта з палітвязняў у хуткім часе можа быць вызвалены?



Вызваленне, так бы мовіць, па натуральных прычынах не прымаецца гэта не вызваленне. Гэта выйсце пасля адбыцця пакарання на свабоду. Тут апладысментаў не будзе будзьце ўпэўненыя! Але ж, відаць, палітычнай волі беларускім уладам не хапае. Я не разумею: навошта рабіць так, што лёс краіны залежыць ад лёсу 9 чалавек (сёння ў Беларусі адбываюць пакаранне 9 вязняў, прызнаных міжнароднай супольнасцю палітзняволенымі Еўрарадыё)?! Трэба ж думаць у гістарычных катэгорыях.



Нават беларускія праваабаронцы лічаць, што, трымаючыся патрабавання наконт вызвалення ўсіх палітвязняў, Еўрасаюз павінен адмовіцца ад патрабавання іх поўнай рэабілітацыі. Што вы думаеце на гэты конт?



Асобныя вашы юрысты сцвярджаюць, што няма такога юрыдычнага тэрміну ў Беларусі, як “рэабілітацыя”. Але наша пазіцыя такая: калі не падабаецца слова “рэабілітацыя”, то называйце гэта па-іншаму аднаўленне ўсіх грамадзянскіх і палітычных правоў. Шэкспіра хочацца цытаваць: “Ружа пад іншым іменем будзе пахнуць гэтак жа прыгожа”. Так трэба ставіцца да патрабаванняў не забываючыся на сутнасць. А пра сутнасць ніхто не забываецца.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі