Медыкі пакуль не гатовыя назваць прычыну смерці 9-гадовага хлопчыка ў Гродне
Медыкі і судмедэксперты пакуль не гатовыя сказаць, што магло стаць прычынай смерці 9-гадовага хлопчыка з Бераставіцкага раёна. Пра гэта журналістам паведаміў галоўны лекар Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Сяргей Таранцей.
"Дзіця прывезла ў бальніцу наша выязная рэанімацыйная брыгада ў суботу, 10 чэрвеня, у 18.15 са шпіталя ў Бераставіцы. Дзіця паступіла ў цяжкім стане. Яму праведзеныя ўсе неабходныя дыягнастычныя і лекавыя мерапрыемствы. Нягледзячы на гэта, хлопчык памёр раніцай у нядзелю", — перадае БЕЛТА словы медыка.
Праверкай гэтага здарэння займаецца камісія Міністэрства аховы здароўя. Таксама з нядзелі сваю праверку ладзіць Следчы камітэт. Па гэтым факце прызначылі судова-медыцынскую экспертызу.
Як паведамляла Еўрарадыё, хлопчыку стала кепска ў аздараўленчым летніку ў Бераставіцкім раёне. Паводле неафіцыйнай інфармацыі дзіця скардзілася на боль у жываце. У суботу яго даставілі ў Бераставіцкую лякарню, а потым выклікалі туды рэанімабіль з Гродна. Выратаваць хлопчыка не ўдалося.
Вядома, што ён быў інвалідам па зроку.