Мельянцоў: Цяпер болей шанцаў на пацяпленне паміж ЕС і Мінскам

Мельянцоў: Цяпер болей шанцаў на пацяпленне паміж ЕС і Мінскам

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў у інтэрв'ю Еўрарадыё пракаментаваў магчымае развіццё стасункаў паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. На яго думку, асноўнае рашэнне ЕС будзе прымаць пасля таго, як убачыць прагрэс на гэтых выбарах. А нейкая бачнасць адбылася, лічыць палітолаг, таму рэзалюцыя АБСЕ будзе станоўчай.

“Колькасць галасоў не будзе мець значэння для ЕС. Яны разумеюць, што нельга так хутка зрабіць з аўтарытарнага рэжыму дэмакратычны. Палітыка, якую праводзіць Лукашэнка стабільная і ўсіх задавальняе. Бачна, што ён не расійская марыянетка. І калі ўсё будзе ціха-мірна, працэс нармалізацыі працягнецца”.

Краіны Еўрасаюза не гатовыя цалкам прызнаваць палітычны рэжым Беларусі, кажа Мельянцоў, але з ім можна супрацоўнічаць, як напрыклад было з Азербайджанам. У рэзалюцыі АБСЕ напішуць пра “невялікія паляпшэнні”, але гэта не значыць, што іх прызнаюць цалка сумленнымі.

Хуткіх змен пасля зняцця санкцый не адбудзецца. Але можна чакаць магчымы візіт або Лукашэнка ў краіны ЕС, або візіт еўралідараў у Беларусь. Доўгатэрміновы эфект ад зняцця — гэта паляпшэнне іміджу Беларусі. А менавіта, інвестарам будзе вальней і прасцей нешта ўкладаць у эканоміку. Але мы гэта не хутка адчуем.

“У параўнанні з прыпыненнем санкцый у 2008 годзе, зараз больш шансаў, што пацяпленне будзе працягвацца. І Брусель, і Мінск хочуць захоўваць набраную дынаміку. Яны не ставяць завышаных мэтаў, і ставяцца з большым разуменнем адзін да аднаго. Адпаведна, ёсць знешнія фактары, якім цікава было б перапыніць гэтыя збліжэнні”.

Мельнцоў кажа, што праграма максімум — гэта дасягнуць з ЕС нармальных суседскіх адносінаў: вырашыць праблемы санкцыяў, зрабіць легальную заканадаўчую базу (а менавіта, пагадненне пра супрацоўніцтва, нейкія эканамічныя дамовы), мусяць быць узаемныя візіты і  праекты транспамежнага супрацоўніцтва.

“Наконт сітуацыі ўнутры краіны, самае цікавае — гэта эксперымент, які праводзіць кампанія “Гавары праўду”, выйсце з традыцыйнага электарату і спроба намацаць “сярэдні электарат”, ні Лукашэнкаўскі, ні апазіцыйны. Гэта далёкаідучая стратэгія і цікавая спроба. Іх вынікі мы пабачым у наступным годзе”, — сказаў Мельянцоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі