Меркель папрасіла Пуціна абараніць геяў у Чачні
Канцлер Германіі Ангела Меркель папрасіла прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна абараніць геяў у Чачні. Адбылося гэта падчас іх сустрэчы, якая прайшла 2 траўня ў Сочы.
“Я пагаварыла пра тое, што атрымала вельмі адмоўныя даклады пра тое, што адбываецца з гомасэксуаламі ў Чачні”, — цытуе словы Меркель РІА “Новости”. Яна “папрасіла спадара прэзідэнта пра тое, каб ён аказаў свой уплыў, з тым, каб забяспечыць захаванне правоў меншасцяў”.
“Бі-Бі-Сі” нагадвае, што артыкулы пра выкраданні, катаванні і забойствы гомасэксуалаў у Чачні з’явіліся ў СМІ ў красавіку. Аднак чачэнскія ўлады іх абвяргаюць.
Меркель і Пуцін на перамовах таксама абмеркавалі сітуацыю на Данбасе, у Сірыі, гаворка ішла і пра санкцыі, якія дзейнічаюць у дачыненні Расіі. Канцлер Германіі выказала надзею на тое, што Масква выканае сваю частку мінскіх пагадненняў. Гэта дазволіла б Еўрасаюзу санкцыі зняць. Пуцін спыніўся на пытанні мірнага ўрэгулявання ў Сірыі, расследавання хімічнай атакі каля Ідліба. Ён таксама нагадаў, што Германія застаецца вядучым эканамічным партнёрам Расіі, паміж краінамі расце тавараабарот. Меркель, у сваю чаргу, назвала Расію “канструктыўным партнёрам”. Яна лічыць, што германска-расійскі дыялог павінен працягвацца, нягледзячы на існуючыя праблемы. Уладзімір Пуцін адказаў на крытыку Захаду пра дзеянні расійскіх праваахоўнікаў на нядаўніх мітынгах. Паводле яго слоў, яны дзейнічалі ў рамках закону і будуць так дзейнічаць і далей.
Варта адзначыць, што візіт Ангелы Меркель у Расію — першы за два апошнія гады.